Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 лютага 2000 г.


Алесь Мікалайчанка, Менск

Сёньня прэзыдэнт Беларускага Кангрэсу дэмакратычных прафэсійных саюзаў, старшыня Беларускага Незалежнага прафэсійнага саюзу Віктар Бабаед накіраваў афіцыйны зварот у адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі, у якім ідзе размова пра грубыя парушэньні айчынных і міжнародных праўных нормаў з боку выканаўчай улады на мейсцах ды дырэктараў шматлікіх прадпрыемстваў у адносінах да арганізацыяў вольных прафэсійных саюзаў.

Камэнтуючы згаданы ліст, Віктар Бабаед заявіў, што з падобнымі скаргамі ў адміністрацыю Лукашэнкі ды ва ўрад цягам восені-зімы ён зьвяртаўся некалькі разоў. Якраз пасьля таго, калі дырэкцыі сталічных трактарнага і аўтамабільнага заводаў разгарнулі барацьбу супраць дольных арганізацыяў Свабоднага прафэсійнага саюзу мэталістаў; калі жорсткім цкаваньням сталі падвяргацца актывісты іншых вольных прафэсійных саюзаў на прадпрыемствах Магілёву, Віцебску, Салігорску ды іншых буйных прамысловых цэнтраў краіны.

Да ўсяго, на заводах і фабрыках адміністратары самавольна зачынялі офісы "пярвічак", каб затым не прадастаўляць ім юрыдычных адрэсаў дзеля перарэгістрацыі. Чым, дарэчы, парушылі й Канстытуцыю, і Закон "Аб прафэсійных саюзах", і міжнародныя канвэнцыі.

Вось і ўчора Беларускі Незалежны прафэсійны саюз, які ачаляе спадар Бабаед, падаў скаргу ў Салігорскую міжраённую пракуратуру на дзеяньні дырэктара мясцовага аўтобуснага парку Віктара Алешкі. Гэтымі днямі спадар Алешка самавольна зьліквідаваў на сваім прадпрыемстве офіс БНП, а на старшыню суполкі Ўладзімера Рабага наклаў розныя неабгрунтаваныя спагнаньні. Іх зараз Уладзімер Рабы абскарджвае ў Менскім абласным судзе.

Як сьведчыць Віктар Бабаед, яшчэ пасьля ранейшых ягоных скаргаў Савет міністраў ды Міністэрства юстыцыі накіроўвалі ў Кангрэс дэмакратычных прафэсійных саюзаў адказы аб неправамоцнасьці дзеяньняў падобных адміністратараў, тлумачылі, што дзеля рэгістрацыі рэгіянальных дольных арганізацыяў у выканаўчых камітэтах не патрэбная даведка пра наяўнасьць юрыдычнай адрэсы "пярвічкі" Аднак, паводле сьведчаньня аўтара сёньняшняга ліста, "калі прадстаўнікі дольных арганізацый зьвярнуліся ў выканаўчыя камітэты й да дырэктараў прадпрыемстваў, то атрымалі адмоўныя адказы… Кіраўнікі прадпрыемстваў заяўляюць пра тое, што ня маюць намеру выконваць нават вышэй згаданыя дэкрэты".

Так, пад час сустрэчы зь Віктарам Бабаедам старшыня Салігорскага гарадзкога выканаўчага камітэту Ганна Лаўрукевіч нечакана падтрымала ў гэтым кірунку прэтэнзіі БНП да таго ж спадара Алешкі, але дырэктар прадпрыемства заявіў…

"Адная вымова ёсьць – хай аб'яўляе яшчэ, але выконваць распараджэньні старшыні выканаўчага камітэту ён [дырэктар В.Алешка] ня будзе. Я ня ведаю, якая ў нас улада, хто кіруе: вэртыкаль, прэзыдэнцкая, а можа вэртыкаль дырэктараў, мафіёзная ўлада нейкая ўжо ўсталявалася", – зазначыў Віктар Бабаед. І дадаў: "На сілавыя дзеяньні адміністрацыі прыйдзецца адказваць сілавымі дзеяньнямі працоўных. Але мы пакуль яшчэ вядзем барацьбу з дапамогаю папераў".

Гэта быў Віктар Бабаед, які, паводле ягоных словаў, сёньня апошні раз папрасіў кіраўнікоў дзяржавы заступіцца за дэмакратычныя прафэсійныя саюзы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG