Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 лютага 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Нягледзячы на заклік Свабоднага прафэсійнага саюзу прадпрымальнікаў прыпыніць агульнанацыянальны страйк, частка гандляроў, асабліва ў рэгіёнах, працягвае акцыю пратэсту. Яны патрабуюць ад уладаў гарантыяў таго, што іх ня будуць караць за ўдзел у страйку.

На сёньняшні дзень страйк яшчэ ня спынены фактычна на ўсіх кірмашох Віцебску; часткова не працуюць гандляры ў Воршы, Пінску й Гародні. У Магілёве страйкуе 80 адсоткаў бізнэсоўцаў самага буйнога ў вобласьці рэчавага кірмашу на стадыёне "Спартак". Ды і ў Менску каля 20 адсоткаў дробных прадпрымальнікаў на працу пакуль ня вышлі.

Паводле словаў аднаго зь лідэраў Свабоднага прафэсійнага саюзу Леаніда Каліцені, гандляры ў гэтых гарадох ня хочуць спыняць страйк, бо няма аніякіх гарантыяў, што пасьля іхнага выхаду на працу на кірмашох не зьявяцца падатковыя інспэктары, міліцыянты ды іншыя кантралёры, і не пачнуць правяраць, штрафаваць і зканфіскоўваць тавар. Таму, паводле словаў спадара Каліцені, прадпрымальнікі ў правінцыйных гарадох самі абараняюцца як могуць.

Гэтымі днямі ў рэгіёнах адбываюцца агульныя сходы гандляроў, на якіх людзі вырашаюць, што рабіць далей. Напрыклад, у Віцебску вырашылі не выходзіць на працу як мінімум да наступнае серады, і пры гэтым патрабаваць ад мясцовых уладаў гарантыі бясьпекі ад пабораў падатковых інспэкцыяў. Тым ня менш, знайшлося нямала й тых, хто распачаў працу.

Пад час агульнанацыянальнага страйку прадстаўнікі ўладаў ня раз заяўлялі, што пачнуць вырашаць праблемы гандляроў толькі ў тым выпадку, калі тыя спыняць акцыю пратэсту й здымуць палітычныя патрабаваньні.

Страйк прыпынены, але прымаць канкрэтныя рашэньні чыноўнікі не сьпяшаюцца. Учора адбылася сустрэча прадстаўнікоў Свабоднага прафэсійнага саюзу з кіраўніцтвам Рады ў разьвіцьці прадпрымальніцтва пры прэзыдэнце. Паводле словаў Леаніда Каліцені, супрацоўнікі гэтае ўстановы на чале з кіраўніцаю Рады Тацянай Быкавай, прызналі абсалютна слушнымі патрабаваньні страйкоўцаў наконт вызваленьня ад падатку на даданую вартасьць, адмены высокіх штрафаў і г.д. Тацяна Быкава паабяцала прафсаюзным актывістам, што будзе прасіць Аляксандра Лукашэнку выканаць гэтыя патрабаваньні.

А вось у Міністэрстве прадпрымальніцтва са страйкоўцамі размаўляць не жадаюць. Чыноўнікі ведамства спадара Сазонава вядуць перамовы толькі з гэтак званымі "канструктыўнымі" сіламі прадпрымальнікаў кшталту афіцыйнага прафэсійнага саюзу "Садружнасьць". У панядзелак на сустрэчы паміж імі была дасягнутая дамоўленасьць, што да 1 чэрвеня міністэрства падасьць ва ўрад плян вырашэньня некаторых патрабаваньняў гандляроў.

Аднак мінула ўжо тры дні, а выніковы пратакол тае сустрэчы так і не падпісаны. На думку Леаніда Каліцені, гэты факт сьведчыць пра тое, што ўлады пакуль ня маюць сур'ёзных намераў выпраўляць свае стасункі з прадпрымальнікамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG