Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 09 лютага 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

(эфір 7 Лютага)
Суд Заводзкага раёну Менску завяршыў разгляд адміністрацыйнае справы лідэра Свабоднага прафэсійнага саюзу МАЗу Міхала Марыніча, які абвінавачваны ў арганізацыі несанкцыянаванага мітынгу на прадпрыемстве. Нячаканасьцяў не адбылося: суд прызнаў яго парушальнікам заканадаўства і пакараў буйным штрафам.

Адвакатка Марыніча Натальля Тарасюк сёньня паспрабавала пераканаць судзьдзю ў неабходнасьці апраўданьня старшыні Свабоднага прафэсійнага саюзу аўтазаводу. Паводле ейнага меркаваньня, адміністрацыйная справа Марыніча зьявілася ў выніку няслушнай трактоўкі нормаў адміністрацыйнага заканадаўства, якія не распаўсюджваюцца на прафсаюзныя сходы. Бо парадак такіх сходаў рэгулюецца не законамі, а прафсаюзнымі статутамі.

16 сьнежня, паводле ейнага цьвёрдага перакананьня, на Менскім аўтазводзе адбыўся сход сяброў Свабоднага прафэсійнага саюзу, а ня мітынг, як заяўлялі сьведкі з боку міліцыі і адміністрацыі МАЗу.

Сапраўды, як вынікае з паказаньняў міліцыянтаў, яшчэ да правядзеньня прафсаюзнага сходу пад адкрытым небам на тэрыторыі аўтазаводу, ім было паведамлена, што адбудзецца мітынг. А калі яны ўбачылі шмат рабочых, якія гучна абмяркоўвалі пытаньні парадку дня сходу, дык упэўненасьць міліцыянтаў у тым, што яны назіраюць несанкцыянаваны мітынг, узрасла.

Адвакатка папрасіла суд улічыць той факт, што ў сяброў Свабоднага прафэсійнага саюзу не было выбару. Бо адміністрацыя МАЗу зканфіскавала іхнае памяшканьне.

На думку міліцыянтаў і прадстаўнікоў адміністрацыі, на аўтазаводзе ў той дзень праходзіў менавіта мітынг, бо на яго сабралася шмат люду. Вось калі б прыйшло некалькі чалавек, дык гэта быў бы прафсаюзны сход.

Суд у сваёй выніковай пастанове прызнаў паказаньні супрацоўнікаў Заводзкага РАУСу й заводзкага начальства цалкам слушнымі. Як заявіла судзьдзя Хвайніцкая, Міхал Марыніч зарганізаў мітынг, а не прафсаюзны сход. У якасьці доказу яна назвала пратакол сходу, дзе, на ейную думку, утрымліваліся ўльтыматыўныя патрабаваньні да кіраўніцтва заводу – судзьдзя лічыць, што рашэньні прафсаюзнага сходу мусяць быць болей памяркоўнымі.

Прысутнасьць на сходзе тысячы чалавек, паводле словаў Хвайніцкай – яшчэ адное сьведчаньне таго, што гэта быў мітынг, зарганізаваны Марынічам. Такім чынам, падсумавала яна, віна старшыні Свабоднага прафэсійнага саюзу МАЗу цалкам даказана. За гэта судзьдзя вынесла яму вырок – пакараньне штрафам у 200 мінімальных заробкаў, што складае 440 мільёнаў старых беларускіх рублёў. Міхал Марыніч пракамэнтаваў такое рашэньне наступным чынам:

(Марыніч: ) "Сыстэма нашага так званага правасудзьдзя накіраваная не на выкананьне законаў, але на зьдзяйсьненьне нейкіх заказаў з боку адміністрацыі прадпрыемства або іншых высокіх установаў.

Асноўная спрэчка была вакол таго, ці гэта быў мітынг ці сход. Прафсаюз сам устанаўлівае, што яму праводзіць, і калі ён пастанавіў, што яму трэба правесьці сход, ён яго правёў, і ня справа суда даваць іншую ацэнку. Бо прафсаюзы дзейнічаюць на прадпрыемствах, і гэты сход быў праведзены на прадпрыемстве… Мы лічым, што гэта ўмяшаньне ва ўнутраную дзейнасьць прафсаюза, і будзем рашэньне абскарджаваць".

XS
SM
MD
LG