Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 09 лютага 2000 г.


Юры Дракахруст, Менск

Распачаўся двухдзённы афіцыйны візыт у Беларусь дэлегацыі Міністэрства абароны Арменіі на чале зь міністрам генэрал-лейтэнантам Вагаршакам Аруцюнянам. Ён сустракаецца з прэм'ерам Сяргеем Лінгам, міністрам абароны Беларусі Чумаковым і дзяржаўным сакратаром Рады бясьпекі Шэйманам. Сябры армянскае дэлегацыі наведаюць шэраг прадпрыемстваў ваенна-прамысловага комплексу Беларусі.

Пад час сустрэчы з Вагаршакам Аруцюнянам Сяргей Лінг выказаў задавальненьне пашырэньнем кантактаў паміж дзьвюмя дзяржавамі. Плянуецца, што ў хуткім часе Менск наведае кіраўнік ўраду Арменіі. Спадар Лінг пашкадаваў, што двухбаковы таваразварот складае мізэрную лічбу – 3 мільёны даляраў, але выказаў спадзяваньне, што ён можа быць павялічаны ў некалькі разоў, прычым менавіта дзякуючы ваенна-тэхнічнаму супрацоўніцтву. Намёк больш чым празрысты.

Мяркуецца, што, апроч перамоваў з афіцыйнымі асобамі, госьці з Эрэвану наведаюць аб'яднаньні "Агат" і "БелОМА", а таксама шэраг прадпрыемстваў, якія вырабляюць прадукцыю падвойнага прызначэньня.

Пад час беларуска-армянскіх перамоваў няяўна прысутнічае трэці ўдзельнік – Расея. Пасьля Беларусі й Таджыкістану, Арменія – ці не самая блізкая да Расеі краіна. У Арменіі разьмешчаныя расейскія вайсковыя базы і, у адрозьненьне, прыкладам, ад Грузіі, Арменія не вядзе размовы пра вывад гэтых базаў.

Паміж вайсковым і палітычным супрацоўніцтвам існуе шчыльная сувязь: Эрэван шмат у якіх пытаньнях падтрымлівае Маскву на міжнароднай арэне, у тым ліку і ў абароне афіцыйнага Менску ад крытыкі з боку Захаду. У прыватнасьці, некалькі тыдняў таму Арменія разам з Расеяй выступіла супраць прыняцьця жорсткае рэзалюцыі аб сытуацыі ў Беларусі на паседжаньні Сталага камітэту Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ ў Вене. Дарэчы, сёньня прэм'ер Лінг падзякаваў міністру Аруцюняну за падтрымку ў вырашэньні міжнародных пытаньняў.

Беларускі ваенна-прамысловы комплекс чакае буйных замоваў ад Расеі. Створаная беларуска-расейская фінансава-прамысловая група "Абарончыя сыстэмы"; у канцы гэтага тыдня ў Менск прыедзе расейскі віцэ-прэм'ер Клябанаў, які адказвае ва ўрадзе Расеі за пытаньні ваеннай прамысловасьці.

Магчыма, Эрэван разьлічвае атрымаць частку ўзбраеньняў, якія будуць вырабленыя ў межах беларуска-расейскага вайсковага супрацоўніцтва – нездарма візыт міністра Аруцюняна адбываецца за некалькі дзён да наведваньня Менску Клябанавым. Ня выключана, што Менск можа быць выкарыстаны ў ролі пасярэдніка пры гандлі ўласна расейскай зброяй: Расеі, якая вядзе маштабную геапалітычную гульню на Каўказе, самой пастаўляць зброю Арменіі ня вельмі зручна. А сапсаваць міжнароднае рэнамэ Беларусі, падаецца, ужо ня можа нішто.

Дарэчы, параўнаньне Беларусі з Арменіяй разбурае звыклы міт беларускае прапаганды пра тое, што Захад нібыта крытыкуе Менск выключна за ягонае імкненьне сябраваць з Расеяй. Эрэван таксама сябруе з Расеяй, але мае вельмі добрыя стасункі і з Захадам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG