Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 09 лютага 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Дзяржаўны сакратар саюзу Беларусі й Расеі Павал Барадзін заявіў пра неабходнасьць стварэньня саюзнага мэдыя-холдынгу. На думку Барадзіна, менавіта гэтая структура павінна пастаўляць найбольш важную інфармацыю для грамадзянаў абедзьвюх краінаў.

Тэма стварэньня "агульнасаюзных" СМІ ўжо ня раз паўставала пад час розных інтэграцыйных захадаў у Маскве й Менску. Але да рэалізацыі шматлікіх праектаў справа так і не дайшла.

Як паведаміў нашаму радыё старшыня Дзяржаўнага камітэту друку Беларусі Міхал Падгайны, цяпер у сталіцах абедзьвюх дзяржаваў працуюць групы экспэртаў, якія праводзяць разьлікі й рыхтуюць адпаведныя дакумэнты дзеля стварэньня супольнага мэдыя-холдынгу.

У яго, паводле задумы аўтараў, павінны ўвайсьці тэлеканал, часапіс і дзьве газэты. Холдынг плянуецца зрабіць недзяржаўным, фінансаваць ягоную дзейнасьць павінны прыватныя банкі й камэрцыйныя структуры Расеі ды Беларусі. Паводле словаў спадара Падгайнага, сродкі зь бюджэту беларуска-расейскага саюзу спатрэбяцца толькі на пачатку, так бы мовіць, дзеля "раскруткі" гэтага праекту.

Шэф Дзяржаўнага камітэту друку таксама паведаміў, што друкаваныя выданьні будучага мэдыя-холдынгу будуць розныя паводле сваёй нскіраванасьці – ад сур'ёзных грамадзка-палітычных да несур'ёзных жоўтых, але ўсе яны мусяць несьці да чытача цікавую інфармацыю. Калі такая мэдыя-група будзе створаная, Міхал Падгайны ня ведае – маўляў, уся справа ўпіраецца ў грошы.

Гаворыць Міхал Падгайны:

(Падгайны: ) "Заходзілі да мяне тут у свой час Аксёнаў з выканкама Саюза, Оскін, былы гэнеральны дырэктар холдынгу "Комсомольская правда" (ён займаўся якраз рэгіёнамі). Яны прапрацоўваюць гэтую ідэю, але пакуль яна яшчэ не абмяркоўвалася на высокім узроўні. Пакуль яшчэ гаворка ідзе на ўзроўні Барадзіна, і два прэзыдэнты яшчэ ня бачылі".

Тым ня менш, Падгайны спадзяецца, што рашэньне пра стварэньне саюзных мас-мэдыяў Лукашэнка з Пуціным усё ж прымуць, бо, маўляў, цяперашнія саюзныя выданьні-ўкладкі, што супольна выпускаюць "Советская Белоруссия" з "Российской газетой" і "Народная газета" з "Российской Федерацией", ня могуць задаволіць інтарэс да праблемаў міждзяржаўнага аб'яднаньня. На думку кіраўніка Дзяржкамдруку, неабходна нарэшце пачаць фінансаваньне праекту тэлеканалу "Союз", які не выконваецца вось ужо тры гады, хаця рашэньне пра яго стварэньне было прынятае Ельцыным і Лукашэнкам яшчэ ў 1997 годзе.

Цяперашні дзяржаўны сакратар гэтак званае "саюзнае дзяржавы" Павал Барадзін больш вядомы як адмысловец у рэстаўрацыі, аднак і інтарэс да выдавецкай справы ў яго даволі даўні. Яшчэ некалькі гадоў таму кіраўніцтва справаў прэзыдэнта Расеі, якое ўзначальваў Павал Барадзін, набыло ва ўласнасьць выдавецкі комплекс "Красная Звезда", на магутнасьцях якога друкуецца 80 адсоткаў усіх маскоўскіх газэтаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG