Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 09 лютага 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт адмовіў групе апазыцыянэраў – удзельнікаў савецка-аўганскае вайны – у правядзеньні 15 лютага на "Высьпе сьлёзаў" у Менску мітынгу памяці жаўнераў-беларусаў, што загінулі ў 1979-1989 гадох пад час баявых дзеяньняў у Аўганістане.

Арганізатары гэтай акцыі ў дзень вываду савецкіх войскаў з Аўганістану хацелі зьвярнуць увагу грамадзтва на тое, што пагроза ўдзелу беларускіх вайскоўцаў у чужых войнах надалей застаецца рэальнай. Асабліва пасьля падпісаньня Лукашэнкам дамовы аб стварэньні беларуска-расейскае "саюзнае дзяржавы".

Замест "Выспы сьлёзаў" улады прапанавалі правесьці мітынг на пляцы Бангалёр.

Як паведаміў нашаму радыё адзін зь ініцыятараў "аўганскай" акцыі – лідэр Сацыял-дэмакратычнае "Народнае Грамады" Мікола Статкевіч, арганізатары маюць намер адмовіцца ад сваёй заяўкі, бо "правядзеньне мітынгу-рэквіему на пляцы Бангалёр (месцы выгулу менчукамі сабак) ёсьць абразаю памяці іх палеглых сяброў".

Нягледзячы на забарону, арганізатары акцыі заклікаюць грамадзянаў прыйсьці 15 лютага а 18-й гадзіне на "Выспу сьлёзаў" са сьвечкамі, каб ушанаваць памяць беларусаў, палеглых у Аўганістане.

XS
SM
MD
LG