Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 09 лютага 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Старэйшы лейтэнант міліцыі Алег Батурын абвінаваціў міліцыю ў правакаваньні сутычак з дэманстрантамі пад час леташняга "Маршу Свабоды". У адкрытым лісьце, які зьмяшчае "Народная воля" ў нумары за 10 лютага, міліцыянт сьцьвярджае, што ён у ліку іншых пераапранутых у цывільнае супрацоўнікаў міліцыі быў засланы ў калёны дэманстантаў, каб справакаваць сутычкі й парушэньні грамадзкага парадку. У Міністэрстве нутраных справаў Беларусі пацьвярджаюць, што Алег Батурын працуе ў міліцыі. Паводле прэсавага сакратара міністэрства, будзе праведзенае службовае разьбіральніцтва дзеяньняў міліцыянта, якому пагражае суд афіцэрскага гонару.

Сапраўднай бомбаю для беларускай міліцыі стаў адкрыты ліст пад назваю "Спадары афіцэры, хопіць быць рабамі", які зьмяшчае газэта "Народная воля" ў заўтрашнім нумары. З прычыны асаблівасьцяў выхаду гэтага выданьня, жыхары Менску ўжо сёньня пасьпелі азнаёміцца з сэнсацыйнымі прызнаньнямі старэйшага лейтэнанта міліцыі Алега Батурына…

"Я не хачу працаваць у такой міліцыі, не хачу, каб мае дзеці і ўнукі глядзелі на мяне з пагардаю", – напісаў у сваім лісьце афіцэр. Сьпіс абвінавачваньняў, якія ён прад'яўляе міліцэйскаму ведамству, вельмі даўгі. Пачынае Алег Батурын з падзеяў 17 кастрычніка мінулага году, з "Маршу Свабоды", у якім, аказваецца, удзельнічаў. "Я ўсё бачыў вачыма дэманстрантаў, але ў кішэні ў мяне было службовае пасьведчаньне. Маёй задачаю было ўсё запамінаць, а пасьля шэсьця затрымліваць найбольш актыўных удзельнікаў і тых, на каго пакажуць", – прызнаецца старэйшы лейтэнант.

А далей ён дзеліцца інфармацыяй, згодна зь якой галоўнай задачаю такіх, як ён, падасланых да дэманстрантаў супрацоўнікаў было, "правакаваць сутычкі, выкрыкваць зьняважлівыя лёзунгі й скіроўваць людзей туды, куды было трэба міліцыі".

Паводле аўтара ліста, натоўп дэманстрантаў адмыслова скіравалі да мосту, дзе адбылася сутычка зь міліцыяй. Прычым, і каменьні там былі складзеныя адмыслова. Алег Батурын даказвае свае зьвесткі інструкцыямі, што былі атрыманыя напярэдадні ад першага намесьніка галоўнае ўправы кадраў Міністэрства нутраных справаў Рабцава і ягонага намесьніка Міхайлоўскага. Адпаведную апрацоўку супраць дэманстрантаў, паводле словаў Батурына, у той дзень атрымалі ўсе міліцыянты, якіх далучылі да апэрацыі.

Далей старэйшы лейтэнант выказвае нязгоду з ганьбаваньнем у міліцэйскім асяродзьдзі былога міністра Юрыя Захаранкі. Паводле Батурына, гэтыя дзеяньні на сумленьні цяперашняга міністра Сівакова і ягоных намесьнікаў Удавікова й Жадобіна. Аўтар ліста таксама супраць таго, што міліцыю прымушаюць зьбіваць і перасьледаваць дэманстрантаў-барацьбітоў з уладаю прэзыдэнта, якога ён называе былым. "Хопіць быць рабамі, жыве Беларусь", –заканчвае свой ліст Алег Батурын.

Па камэнтар да гэтага незвычайнага ліста я зьвярнуўся ў Міністэрства нутраных справаў Беларусі. Прэсавы сакратар міністра Зьміцер Партон, па-першае пацьвердзіў, што старэйшы лейтэнант Батурын – рэальная асоба. Ён працуе старэйшым інструктарам групы забесьпячэньня Галоўнае ўправы кадраў міністэрства. "…Але я не магу пацьвердзіць, ці пісаў ён гэта сапраўды. Магчыма, гэта нейкая інсынуацыя. Мы зараз гэтым яшчэ займаемся, спраўджваем", – сказаў Зьміцер Партон.

Што тычыцца зьвестак Батурына пра наўмысную правакацыю сутычак пад час "Маршу Свабоды" супрацоўнікамі міліцыі, прэсавы сакратар у гэта ня верыць: "…Гэта сьмешна. Старэйшы лейтэнант, які сядзіць у кадрах, кампутарнік, будзе ўдзельнічаць у нейкіх апэрацыях? Я думаю, гэта глупства. Калі я пра гэта анічога ня чуў і ня ведаю, то старэйшы лейтэнант тым больш. Хаця тут, пэўна, яшчэ будзе нейкае разьбіральніцтва", – сказаў Зьміцер Партон. І выказаў меркаваньне, што публікацыя ў "Народнай волі" – заказны матэрыял. Партон упэўнены, што нават калі сапраўды гэта Батурын напісаў такі ліст, рэпрэсіяў супраць яго ня будзе, аднак магчымы "нейкі суд афіцэрскага гонару".

Галоўны рэдактар "Народнае волі" Іосіф Сярэдзіч рашуча абверг падазрэньні, што публікацыя наўмысна заказаная рэдакцыяй. "Мы захоўвам ліст з подпісам аўтара, і ў шчырасьці яго не сумняемся", – сказаў Сярэдзіч. Увогуле, ён лічыць, што ў прызнаньнях міліцыянта няма нічога новага для звычайных грамадзянаў. "Мы ўсе ведаем пра спэцыфічную ролю некаторых супрацоўнікаў спэцслужбаў пад час палітычных акцыяў. Адметна толькі тое, што нарэшце гэта засьведчыў сам удзельнік працізаконных дзеяньняў", – заявіў рэдактар газэты.

Дарэчы, паводле Сярэдзіча, сёньня асобы, якіх ён не назваў, ужо спрабавалі пераканаць яго не друкаваць гэты ліст, але просьба паступіла запозна – калі нумар газэты ўжо раскупляўся.

Самога Алега Батурына пакуль знайці не ўдаецца. На працы кажуць, што ён захварэў, і не даюць хатняга адрасу. Некаторыя праваабаронцы не выключаюць, што аўтара ліста чакаюць вялікія непрыемнасьці і ён або ад іх хаваецца, або гэтыя непрыемнасьці пачаліся.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG