Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 09 лютага 2000 г.


Сяргей Астраўцоў, Горадня

У Горадні адбываецца суд па справе Аляксандра Чарнея, кіраўніка Свабоднага прафэсійнага саюза аб'яднаньня "Хімвалакно". Кіраўніцтва Свабоднага прафсаюза Беларускага судзіцца з кіраўніцтвам гэтага прадпрыемства, паколькі спадар Чарней быў звольнены з працы.

Сёньня павінна было быць зачытанае рашэньне суда, аднак судзьдзя Віталь Лецка замест гэтага сказаў, што ён жадае бачыць дадатковыя паперы: сьпіс прафсаюзнай арганізацыі, копіі дакумэнтаў аб рэгістрацыі. Аляксандар Чарней расцэньвае гэта як спробу перавесьці разбор справы з працоўна-заканадаўчай плашчыні ў палітычную.

Свабодны прафсаюз Беларускі падрыхтуе з гэтай нагоды пратэст адносна вядзеньня справы, каб накіраваць яго ва ўпраўленьне юстыцыі і абласную пракуратуру.

А сутнасьць справы наступная. Спадар Чарней быў абраны 21 сьнежня вызваленым сакратаром суполкі Свабоднага прафсаюзу. Паводле закону, яго павінны былі на ягоную просьбу звольніць, каб ён застаўся на прадпрыемстве прафсаюзным працаўніком. Аднак кіраўніцтва адмовілася так зрабіць. Маўляў, пасьля Новага году канчаецца тэрмін кантракту з Чарнеем. І сапраўды 3 студзеня кантракт закончыўся, і Аляксандар Чарней апынуўся за заводзкай брамай, стаў беспрацоўным.

Падчас суду высьветлілася, што кіраўніцтва "Хімвалакна" не жадала прызнаваць факт існаваньня Свабоднага прафсаюзу, рабіла спробы, па сутнасьці, умешвацца ў ягоную дзейнасьць. Пра гэта на судзе гаварыў прадстаўнік Свабоднага прафсаюзу Беларускага Ўладзімер Адынец.

На судзе быў прысутны Крыстофэр Паніко, дарадца касультацыйна-назіральнай групы АБСЭ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG