Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 09 лютага 2000 г.


Валер Каліноўскі, Менск

Сёньня ля сьценаў расейскай амбасады ў Менску актывісты Аб'яднанае Грамадзянскае партыі Лявон Малахаў і Піліп Клікушын правялі несанкцыяваны пікет супраць вайны ў Чачні й былі неадкладна затрыманыя супрацоўнікамі Цэнтральнага РАУС Менску.

Несанкцыянаваная акцыя маладых актывістаў АГП заняла ўсяго некалькі хвілінаў. Відаць, менская міліцыя ўлічыла досьвед нядаўняга недазволенага пікету супраць вайны ў Чачні, што правялі 3 лютага маладыя людзі, пераапранутыя ў параненых вайскоўцаў. Паводле словаў супрацоўніка Цэнтральнага РАУС, што з раніцы дзяжурыў ля амбасады, міліцыя атрымала загад не дапусьціць больш аніякіх несанкцыянаваных акцыяў ля расейскага дыпляматычнага прадстаўніцтва.

Нягледзячы на тое, што акцыя актывістаў Аб'яднанае Грамадзянскае партыі рыхтавалася ў кансьпіратыўных умовах, аб адзінаццатай гадзіне ля сьценаў расейскай амбасады ўжо дзяжурылі спэцмашыны й каля дзясятку міліцыянтаў, у тым ліку кіраўніцтва Цэнтральнага РАУС.

Лявон Малахаў і Піліп Клікушын пасьпелі толькі разгарнуць два плякаты з надпісамі "Пуцін, рукі прэч ад Чачні!" і "Не – саюзу з Расеяй!", як былі схопленыя міліцыянтамі. Плякаты адразу ж парвалі.

Калі хлопцаў цягнулі да міліцэйскага УАЗіка, тыя пасьпелі кінуць на зямлю й патаптаць расейскі сьцяг, а потым выхапіць і ўзняць над галовамі сіні сьцяг Эўрапейскага Зьвязу. Гэта сымбалізавала, што моладзь супраць інтэграцыі з Расеяй і аддае перавагу Эўропе. Абодва сьцягі міліцыя хутка адабрала, аднак Лявон Малахаў і Піліп Клікушын пасьпелі аддаць журналістам тэкст свайго Звароту "Да сродкаў масавай інфармацыі, у амбасады дэмакратычных краінаў і да ўсіх людзей добрай волі".

У заяве зазначаецца: "Ужо больш як пяць гадоў расейскі імпэрыялізм ваенным чынам зьнішчае незалежнасьць Чачні й чачэнскі народ. Зьнішчаюцца дзеці, жанчыны й старыя, сотні тысячаў чачэнскіх уцекачоў мусілі пакінуць сваю зямлю. Рэакцыя цывілізаванага сьвету не адпавядае гэтай крывавай трагедыі і ня можа спыніць акупантаў. Увесь гэты час праз прамаскоўскі рэжым, які ўзурпаваў уладу ў Беларусі, зьнішчаецца незалежнасьць нашае краіны. Перасьледуюцца, арыштоўваюцца, зьнікаюць беларускія палітыкі. Мы зьвяртаемся да ўсіх людзей добрай волі ва ўсім сьвеце. Нельга зараз маўчаць, бо пагроза чырвона-карычневага рэваншу сёньня рэальная і небясьпечная. Свабоду Чачні! Свабоду Беларусі! Пакуль што ня позна спыніць крывавую імпэрыю".

Як паведаміў маёр міліцыі, што дзяжурыў ля расейскай амбасады, Лявона Малахава й Піліпа Клікушына забралі ў Цэнтральны РАУС Менску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG