Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 лютага 2000 г.


Кастусь Бандарук, Прага

Праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch правяла дасьледаваньне вынікаў паветранай апэрацыі НАТО супраць Югаславіі. У апублікаванай учора справаздачы сілы НАТО асуджаюцца за парушэньне міжнароднага гуманітарнага права і сьцьвярджаецца, што ахвяраў сярод цывільнага насельніцтва больш чым прызнаваў Пэнтагон, але значна менш, чым цьвердзіў Бялград.

Міністэрства абароны ЗША прызнае, што за 78 дзён, у часе якіх праведзена 38 тысяч баявых палётаў, былі ахвяры сярод цывільнага насельніцтва, але іх было няшмат. Затое афіцыйны Бялград цьвердзіць, што агулам загінулі 5 тысяч цывільных жыхароў Югаславіі.

У якасьці прыкладу скажэньня Бялградам фактаў у справаздачы Human Rights Watch згадаваецца паветраную атаку 21-га траўня на турму ў Дубраве. Югаслаўскія ўлады цьвердзілі, што ў выніку ракетнага ўдару загінулі 95-ць чалавек. Аднак дасьледчыкі Human Rights Watch Біл Аркін і Багдан Іванісэвіч высьвятлілі, што ў часе налёту загінулі 19-ць чалавек, а ўсе астатнія былі забітыя турэмнымі ахоўнікамі ўжо пасьля атакі.

На працягу 6-ці месяцаў Human Rights Watch зьбірала дакуманты і паказаньні сьведкаў кожнага з 90 налётаў, у якіх загінулі цывільныя жыхары Югаславіі. Супрацоўнікі арганізацыі наведалі агулам 91 горад і вёску Югаславіі, зьбіраючы усе магчымыя дадзеныя і паказаньні сьведкаў.

"Дасьледаваньне паказвае, што НАТО парушыла міжнароднае гуманітарнае права", – гаворыцца у заключнай справаздачы і заклікаецца ўрады краін-сябраў альянсу стварыць адмысловую камісію для разгляду гэтага пытаньня. Згодна дакумэнту, сапраўдная колькасьць ахвяраў не адпавядае ні югаслаўскім ні заходнім дадзеным.

Бялград перабольшвае колькасьць цывільных ахвяраў налётаў, але памыляецца і Пэнтагон. Міністар абароны ЗША Коэн і галоўнакамандуючы сіламі НАТО генерал Клярк цьвердзілі, што агулам загінулі ня болей, як 20-30 цывільных жыхароў Югаславіі. Альянс у прыватнасьці прызнаў памылковым інцыдэнт з 8-га траўня, калі у выніку збамбаваньня кітайскай амбасады у Бялградзе загінулі 3 чалавекі.

На самой справе, гаворыцца у дакумэнце, ў выніку налётаў саюзнай авіяцыі агулам загінулі 500 чалавек. Траціны памылковых удараў і паловы сьмяротных ахвяраў можна было б пазьбегнуць, калі б авіяцыя НАТО жорстка выконвала інструкцыі.

"Той, хто прыняў пастанову аб атацы супраць Югаславіі, павінен быў больш зрабіць дзеля бясьпекі цывільнага насельніцтва", – заявіў выканаўчы дырэктар Human Rights Watch Кэнэт Рот.

"Як на вайну, якая мае рэпутацыю праведзенай найбольш акуратна ў гісторыі, НАТО відавочна нічога не навучылася з папярэдніх канфліктаў", – заявіў ваенны кансультант Human Rights Watch Біл Аркін. "Мы ня кажам, што НАТО можна прыраўнаць да Сэрбаў. Альянс вельмі намагаўся пазьбягаць ахвяраў сярод цывільнага насельніцтва, але цалкам іх ня мог пазьбегнуць", – заявіў Аркін.

Тым ня менш Саюз НАТО парушыў Жэнэўскую Канвэнцыю, выбіраючы невайсковыя цэлі атакаў і, у прыватнасьці, скідаючы касэтныя бомбы на жыльлёвыя кварталы. Агулам у выніку ўжыцьця гэтых бомбаў, асабліва брытанскай авіяцыяй, загінулі 150 чалавек.

Згодна справаздачы, недапушчальнае было бамбаваньне мастоў у дзень, калі вядома, што на іх могуць знаходзіцца цывільныя праходжыя. У дакумэнце асуджаецца таксама такія атакі як на тэлестанцыю я Бялградзе, у выніку якой загінулі 9-ць чалавек. 16-ць чалавек загінулі у часе начной атакі 23-га красавіка на будынак сэрбскага тэлебачаньня. Тады НАТО тлумачыла свой крок тым, што тэлебачаньне зьяўляецца элемэнтам "ваеннай махіны" прэзыдэнта Мілошавіча. У выіку памылковага ўдару па жыльлёвым квартале гораду Ніш 15 чалавек загінулі і 70 паранена. Недапушчальныя былі таксама, згодна справаздачы, удары па канвоях без упэўненасьці, што гэта напэўна аўтамабілі югаслаўскай арміі. У выніку такіх памылковых атакаў загінула шмат косаўскіх уцекачоў.

Не зважаючы на ўсю крытыку, якая прагучэла ў дакумэнце Human Rights Watch у адрас НАТО, арганізацыя адхіляе абвінавачаньні альянсу ў ваенных злачынствах. У згаданым дакумэнце гаворыцца, што сама ваенная апэрацыя НАТО была апраўданая і разьлічаная на спыненьне забойстваў і генацыду этнічных албанцаў у Косаве.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG