Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 08 лютага 2000 г.


Кастусь Бандарук, Прага

Учора ў Харватыі адбыўся другі тур прэзыдэнцкіх выбараў, якія палітычныя аглядальнікі успрымаюць як заканчэньне эпохі аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы Франьё Туджмана і пачатак працэсу далучэньня краіны да Эўразьвязу і НАТО.

У другім туры галасаваньня выступілі два цэнтрысцкія кандыдаты Сціпэ Месіч і Дражэн Будзіша. Згодна Цэнтральнай Выбарчай Камісіі, выбарчая актыўнасьць склала 61%. 65-цігадовы Сціпэ Месіч набраў 56% галасоў, а ягоны супернік 51-гадовы лідэр Сацыяльна-лібэральнай партыі Дражэн Будзіша 44 %.

Абодва супернікі выступілі ў прэзыдэнцкай гонцы амаль пад аднолькавымі лёзунгамі. Ужо ў першым туры прэзыдэнцкіх выбараў 24-га студзеня яны элімінавалі прадстаўніка ХДС Матэ Граніча.

Месіч і Будзіша належаць да шасьціпартыйнай кааліцыі апазыцыйных партыяў, якая на мінулым месяцы перамагла на парлямэнцкіх выбарах і пасьля дзевяці гадоў адабрала ўладу ў Харвацкага Дэмакратычнага Саюзу пакойнага прэзыдэнта Туджмана. (Пасьля ягонай сьмерці партыя падзялілася на дзьве часткі: адну пад кіраўіцтвам Граніча і другую, начале з кансэрватарам Уладзімерам Сэксам).

У асноўных пытаньнях палітычныя погляды Месіча і Будзішы амаль не адрозьніваюцца. Абодва яны празаходнія лібэралы, выказваюцца за дэмакратызацыю краіны, абмежаваньне прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў і супрацоўніцтва з Міжнародным Судом у расьсьледаваньні ваенных злачынстваў на Бальканах, Яны выступаюць за як мага хутчэйшае далучэньне Харватыі да Эўразьвязу і НАТО.

У 70-я гады падчас кіраваньня Ціта абодва яны былі зьняволеныя за сваю незалежніцкую дзейнасьць, хаця Будзіша лічыцца большым нацыяналістам і больш кансэрватыўным у такіх пытаньнях, як наркотыкі і аборты.

Новы прэзыдэнт Харватыі, які павінен заступіць на пасаду на працягу дзесяці дзён, заваяваў сымпатыі харватаў сваёй стрыманай манэрай паводзінаў, сьціпласьцю і цьвярозым стаўленьнем да харвацкага нацыяналізму. Перад тым як Харватыя абвясьціла незалежнасьць, ён быў сябрам калектыўнага прэзыдыюму Югаславіі. Некаторы час Месіч выконваў абавязкі прэм'ер-міністра і спікэра парлямэнту Харватыі.

Адным з найбольш неясных эпізодаў ягонага жыцьця зьяўляецца супрацоўніцтва з Туджманам. Месіч прызнае, што некаторы час быў ягоным саюзьнікам ў барацьбе за незалежнасьць Харватыі. Нядаўна, ў інтэрвію новы прэзыдэнт заявіў, што ён перастаў падтрымоўваць Туджмана ў сакавіку 91-га году, калі той сустрэўся з прэзыдэнтам Сэрбіі Мілошавічам, і абодва дамовіліся наконт падзелу Босьніі.

Гэтая частка ягонай біяграфіі выклікае шмат здагадак і некаторыя лічаць Месіча палітычным хамелеонам. "Калі ён ужо у 91-м годзе не пагаджаўся з палітыкай Туджмана, дык калі б быў чалавекам з характарам, адыйшоў бы ўжо тады", – лічыць выдавец часопісу "Глёбус" Мірко Галіч.

Канчаткова-паводле слоў новага прэзыдэнта Харватыі, ягоныя шляхі з Туджманам разыйшліся ў 94-м годзе, калі той спрабаваў далучыць да Харватыі населеную этнічнымі харватамі частку Босьніі-Герцагавіны. Месіч цьвердзіць, што ён пасьлядоўна супраціўляўся фінанасавай і вайсковай падтрымцы этнічных харватаў у Босьніі, якая каштавала Заграбу 150 мільёнаў даляраў у год.

У часе ўчарашніх выбараў ён паўтарыў сваё стаўленьне да сэпаратысцкіх памкненьняў басьнійскіх харватаў: "Я даў ясна зразумець Харватам у Босьніі, што яны павінны павярнуцца да Сараева і пазбыцца ілюзіяў, што калі-небудзь будуць часткай Харватыі…Грамадзяне нашай краіны павінны зразумець, што гэта адзінае выйсьце".

Пасьля гадоў напружаных адносінаў з урадам Туджмана, амэрыканскія і эўрапэйскія лідэры спакойна назіралі за прэзыдэнцкай кампаніяй у Харватыі. З часу, калі 27-га студзеня ўрад краіны ўзначаліў Івіца Рачан, новыя ўлады зьмякчылі сваю нацыяналістычную палітыку, пашырылася свабода прэсы, наступіў зрух у накірунку дэмакратыі і эканамічнай дысцыпліны. Зараз, выбар Сціпэ Месіча прэзыдэнтам краіны замацоўвае гэтыя зьмены.

XS
SM
MD
LG