Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 лютага 2000 г.


Сяргей Навумчык, Прага

У той час, як прадстаўнікі расейскага камандваньня заяўляюць, што ваенная апэрацыя ў Чачні ўступіла ў "новую фазу", сусьветная прэса і праваабарончыя арганізацыі занепакоеныя лёсам мірнага насельніцтва.

Як адзначае Даніэль Вільямс ў сёньняшняй "Washington Post", расейскія фэдэральныя войскі з дапамогай авіяцыі і артылерыі спрабуюць ня даць магчымасьці чачэнскім падразьдзяленьням адыйсьці ў горную мясцовасьць.

Фэдэральныя сілы атачылі вёскў Гехі-Юрт на поўдні ад Грознага, а таксама Катыр-Юрт, і пачалі артылерыйскі абстрэл, нягледзячы на тое, што там знаходзіцца мірнае насельніцтва.

Чачэнскія паўстанцы, паведамляе карэспандэнт "Washington Post", панесьлі цяжкія страты, забітыя некалькі камандзёраў.

Міністар абароны Расеі Ігар Сяргееў заявіў, што ўзяцьце Грознага зьяўляецца "ключавым момантам" у вайне. Паводле ягоных словаў, у хуткім часе асноўны цяжар дзеяньняў будзе ўскладзены на падразьдзяленьні Міністэрства Ўнутраных Справаў.

Іншыя расейскія афіцыйныя асобы заяўляюць, што ўзброеныя чачэнцы будуць зьнішчаныя на працягу некалькіх тыдняў. Пры гэтым колькасьць паўстанцаў Масквой ацэньваецца ў межах да 7 тысячаў. Аднак незалежныя назіральнікі заўважаюць, што расейскія войскі могуць атрымаць вельмі сур'ёзны супраціў у горных раёнах, дзе існуюць добра ўладкаваныя пазыцыі чачэнцаў.

Тым часам, умовы, у якіх апынулася мірнае чачэнскае насельніцтва, застаюцца па-ранейшаым жахлівым. Калёны уцекачоў, якія накіроўваюцца ў бок суседняй Інгушэтыі, падвергліся абстрэлу ў раёнах Катыр-Юрту.

Паведамляецца і пра захопы байцамі фэдэральных войскаў цывільных грамадзянаў. Так, "Washington Post" цытуе Азу Шамілаву, якой удалося ўцячы з Грознага і якая расказала, што ў апошнюю пятніцу расейскія вайскоўцы схапілі ейнага мужа Магамэда і двух іншых цывільных людзей у Заводскім раёне. Спробы Шамілавай высьветліць лёс мужа ў расейскіх камандзёраў скончыліся безвынікова.

XS
SM
MD
LG