Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 лютага 2000 г.


Вольга Караткевіч, Прага

Ва Ўкраіне працягваецца супрацьстаяньне ў Вярхоўнай Радзе. Левая меншыня – прадстаўнікі прагрэсыўных сацыялістаў, камуністаў і сялянскай партыі спрабуюць блякаваць работу сэсіі. Дэпутаты прагрэсыўных сацыялістаў працягваюць галадоўку ў залі паседжаньняў. Камуністы ўважаюць факт, што правая бальшыня заняла месцы ў прэзыдыюме – сілавым захопам залі.

Тым часам у сэсійнай залі зарэгістраваліся 257 правых. У момант зьўленьня сьпікэра бальшыні Івана Плюшча дэпутаты фракцыяў Камуністычнай партыі і Прагрэсыўнай сацыялістычнай партыі пачалі сьвісьцець, грукаць і скандаваць "Ганьба!", "Злодзеі – вон".

Актывісты прагрэсыўных сацыялістаў трымаюць плякат "Абаронім Украіну ад прыслугачоў МВФ". Агенцтву Інтэрфакс-Украіна прагрэсыўныя сацыялісты заявілі, што дэпутаты ад бальшыні зьбілі парлямантароў, якія трымаюць 8-я содні галадоўку. Адзін з сябраў фракцыі Пятро Раманчук зьняў пабоі ў лекара і зьбіраецца падаць у суд на аднаго з правых. Тым часам у Вярхоўнай Радзе гучаць прапановы пазбавіць права галасаваньня левых дэпутатаў тэрмінам на 5 дзён.

Генэральная пракуратура Ўкраіны заявіла, што ня будзе разглядаць звароту левай меншасьці, якая патрабуе даць прававую ацэнку дзеяньням парлямэнцкай большасьці. Прэсавы сакратар Гэнеральнай пракуратуры паведаміў, што гэта не ўваходзіць у кампэтэнцыю ўстановы.

У залі Вярхоўнай Рады памоцнены прапускны рэжым, журналістаў не пускаюць у кулюары. Каля будынку Вярхоўнай Рады адбываецца пікет. Каля 200 прыхільнікаў левых трымаюць плякаты з выявай лідэра прагрэсыўных сацыялістаў Натальлі Вітрэнка, а таксама лёзунгі – "Бальшыні – кішэнны парлямэнт Кучмы", "МВФ – прэч з Украіны", "Кучму ў адстаўку".

XS
SM
MD
LG