Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 лютага 2000 г.


Ягор Маёрчык, Менск

На працягу апошніх дзён эпідэмія грыпу ахапіла значную частку Беларусі. А на паліцах бальшыні аптэкаў па-ранейшым бракуе айчынных лекаў. І людзі, не дачакаўшыся ад дзяржавы абяцаных даступных мэдыкамэнтаў, змагаюцца з хваробаю самастойна, пры дапамозе народных сродкаў.

Хваля захворваньняў на грып дасягнула ў Беларусі апагею. Хварэюць больш за 130 тысячаў чалавек, палова зь якіх – дзеці. Эпідэмія аб'яўленая ў 12-ці гарадох краіны.

Тым часам мэдыкамэнтаў супраць грыпу па-ранейшаму бракуе. Адзін (максімум – два) айчынныя прэпараты – гэта, бадай, усё, што магчыма знайсьці ў аптэках у цэнтры Менску. А ў гэтак званых "спальных" раёнах сытуацыя яшчэ горшая. Там у якасьці сродку ад грыпу прадаецца толькі вітамін С.

(Голас: ) " Унашых аптэках лекаў каб вылечыць грып ня так шмат, а калі яны ёсьць, дык кошты недаступныя. Я была ў некалькіх аптэках, з тых лекаў, якія радзяць лекары, нічога знайсьці практычна немагчыма. Я абыйшла 3-4 аптэкі".

Адказы маёй вулічнае суразмоўцы тыповыя.

Бальшыня вымушана змагацца з грыпам самастойна. Вялікіх спадзяваньняў на зьяўленьне танных лекаў няма. А імпартавыя прэпараты коштам ад трох да сямі тысячаў новых беларускіх рублёў сярэдняму беларусу не па кішэні. Праз гэта людзі актыўна лечацца народнымі сродкамі. У грамадзкім транспарце апошнімі днямі можна сустрэць пасажыраў з марлевымі павязкамі на тварах.

Напярэдадні эпідэміі афіцыйныя асобы запэўнівалі, што запас лекаў на змаганьне з грыпам дастатковы. Але яны нібыта наўмысна прытрымліваюцца на аптэчных складох, бо хваля масавых захворваньняў яшчэ не надышла. Нават прафіляктычныя сродкі набыць тады было вельмі цяжка. За апошнія колькі тыдняў сытуацыя з забесьпячэньнем лекамі практычна не зьмянілася.

Беларускія мэдыкі зазначаюць, што сёлетняя эпідэмія грыпу сярэдняя паводле свайго маштабу. Яна будзе цягнуцца яшчэ мінімум паўмесяцы, пасьля чаго колькасьць захворваньняў пачне зьніжацца. Паводле словаў адмыслоўцаў, выпадкаў сьмерці ад захворваньня на грып у Беларусі пакуль не зарэгістравана.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG