Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 лютага 2000 г.


Ганна Навумовіч, Менск

У хуткім часе адбудзецца конкурс у продажы беларускае запазычанасьці Летуве за энэрганосьбіты. Пра гэта сёньня паведаміў амбасадар Летувы ў Беларусі Ёнас Паслаўскас.

Пастаўкі электраэнэргіі зь Летувы ў Беларусь спыніліся яшчэ летась. На той час запазычанасьць беларускага боку ўвесь час расла, а разьлікі па даўгах амаль не вяліся. У другой палове мінулага году беларускі бок пачаў разьлічвацца, але па стану на студзень даволі вялікая запазычанасьць захоўвалася.

Паводле меркаваньня беларускага боку, яна складала 55 мільёнаў даляраў, паводле летувіцкага – больш за 60 мільёнаў. Разьлікі вяліся па вельмі заблытанай схэме. Паколькі ў беларускай дзяржавы не хапае валюты, у бальшыні выпадкаў давялося мець справу з бартэрам. Дарэчы, у гэтай сувязі летувіцкай фірмаю, якая была пасярэднікам, сёньня цікавяцца праваахоўныя ворганы Летувы.

Летась афіцыйная Вільня прыняла рашэньне прадаць беларускую запазычанасьць. Пакупнік пакуль ня знойдзены. Паводле словаў амбасадара Паслаўскаса, на беларускую запазычанасьць прэтэндуюць 8 прадпрыемстваў – летувіцкія, летувіцка-расейскія і ўсходнія. Былі чуткі пра тое, што запазычанасьць можа набыць акцыянэрнае таварыства "ЕЭС", якое ўзначальвае Анатоль Чубайс. Аднак Паслаўскас адмовіўся камэнтаваць гэтыя зьвесткі. Не назваў ён і фірмы-прэтэндэнты, паколькі ня ўсе яны могуць быць дапушчаныя да конкурсу.

Сытуацыя з электраэнэргіяй значна адбілася на гандлёвым абароце паміж Летувой і Беларусьсю, які летась значна скараціўся. Але ёсьць і іншыя прычыны. Як паведаміў спадар Паслаўскас, галоўны бар'ер для летувіцкага экспарту ў Беларусь – вялікія праблемы з валютаю. Беларускім спажыўцам няма чым разьлічвацца за летувіцкія тавары. Да таго ж, у хуткім часе можа зьявіцца й бар'ер для беларускага імпарту ў Летуву.

Паводле словаў Паслаўскаса, многія летувіцкія прадпрымальнікі лічаць, што беларускія прадпрыемствы прадаюць мінэральную ваду й будаўнічыя матэрыялы па дэмпінгавых коштах. У той жа час амбасадар падкрэсьліў, што гэтае пытаньне пакуль не разглядаецца летувіцкім Сэймам і ўрадам.

XS
SM
MD
LG