Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 лютага 2000 г.


Валер Каліноўскі, Менск

Міністар замежных справаў Украіны Барыс Тарасюк, які знаходзіўся з аднадзённым рабочым візытам у Менску, пад час сустрэчы з амбасадарамі краінаў ЭўраЗьвязу і ЗША заявіў, што Ўкраіна разглядае Беларусь як неад'емную частку Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы і Эўропы ў цэлым. Ён заклікаў краіны ЭўраЗьвязу і ЗША падтрымліваць дыялёг і супрацоўніцтва зь Беларусьсю, а ня згортваць кантакты.

Пасьля перамоваў з украінскім міністрам замежных справаў Барысам Тарасюком Аляксандар Лукашэнка ўскосна прызнаў, што стасункі афіцыйнага Менску й Кіева сапсаваныя, заявіўшы, што ён даручыў Уралу Латыпаву іх "нармалізаваць". Размова ня столькі пра двухразовае зьніжэньне ўкраінска-беларускага гандлёвага абароту, колькі пра палітычныя стасункі.

Як прызнаў Барыс Тарасюк, візыту такога ўзроўню з Кіева ў Менск не было ўжо два гады. Украінскі прэзыдэнт Леанід Кучма адкрыта не ўхваляе лукашэнкавага імпэту да "ўзьяднаньня" з Расеяй і ягонага падбухторваньня падобных настрояў сярод украінскага электарату. Барыс Тарасюк гэтым разам у Менску дыпляматычна падкрэсьліў, што Ўкраіна ўважліва сочыць за разьвіцьцём, паводле ягоных словаў, "супольнае дзяржавы Беларусі й Расеі". Пакуль што Ўкраіна ня мае намеру ўносіць нейкіх карэктываў у сваю палітыку адносна Беларусі, паколькі і Расея, і Беларусь захоўваюць уласную правасуб'ектавасьць. Тым ня менш, аніякіх пажаданых для афіцыйнага Менску намёкаў пра жаданьне Ўкраіны далучыцца да псэўдадзяржаўнага ўтварэньня выказана не было.

Колькі будзе каштаваць Беларусі нармалізацыя стасункаў з Украінаю? Часткова адказ на гэтае пытаньне быў дадзены пад час візыту, калі Барыс Тарасюк даволі нечакана даў зразумець, што аніякай праблемы шматмільённае запазычанасьці Ўкраіны перад Беларусьсю ўвогуле няма:

(Тарасюк: ) "Я хачу адразу ж сказаць, што праблемы ўкраінскага доўгу не йснуе. Ёсьць розныя падыходы да пытаньня пра ўзаемаразьлікі. Гэта праблема, якая паўстала ў 1992 годзе. У сувязі з гэтым мы абмяняліся думкамі з Уралам Латыпавым. Я пазнаёміў яго зь меркаваньнем украінскага кіраўніцтва – прэзыдэнта й прэм'ер-міністра – у гэтай тэме. Урал Рамдракавіч азнаёміў мяне з пазыцыяй беларускага боку. Я думаю, што ў бліжэйшы час экспэрты дзьвюх краінаў сустрэнуцца й абмяркуюць гэтую тэму".

Беларускі міністар Урал Латыпаў тое, што Тарасюк абачліва назваў "тэмаю", абазначыў як "праблему", і змог толькі выказаць пажаданьне, што яна будзе вырашаная з улікам інтарэсаў абодвух бакоў.

Такім чынам, разьлічваць на вяртаньне запазычанасьці наўрад ці выпадае. У якасьці маральнае кампэнсацыі за гэта беларускі бок па-ранейшаму ажно зь ліпеня 1997 году адкладвае ратыфікацыю беларуска-ўкраінскае дамовы пра дзяржаўную мяжу. Гэтая ратыфікацыя стала фактычна падставаю да шантажу ўкраінскага кіраўніцтва.

Праўда, украінскі міністар падкрэсьліў, што Кіеў чакае гэтае ратыфікацыі да часу афіцыйнага візыту ў Менск прэзыдэнта Ўкраіны Леаніда Кучмы, у якім беларускае кіраўніцтва вельмі зацікаўленае. Гэты візыт рыхтуецца, паводле словаў Урала Латыпава, на першую палову году. Відавочна, што ён можа й не адбыцца, калі беларускія ўлады і далей будуць марудзіць з ратыфікацыяй дамовы аб мяжы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG