Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 лютага 2000 г.


Уладзімер Глод, Менск

Беларускія ўлады фактычна адмовіліся даць гарантыі бясьпекі на тэрыторыі краіны старшыні Вярхоўнага Савету Беларусі 13-га скліканьня Сямёну Шарэцкаму. Намесьнік Шарэцкага Анатоль Лябедзька, на чыё імя прыйшоў афіцыйны адказ, назваў яго адпіскаю.

У лісьце да Анатоля Лябедзькі, падпісаным дзяржаўным сакратаром Рады бясьпекі Віктарам Шэйманам, прозьвішча Шарэцкага нават ня ўзгадваецца. Там ёсьць толькі спасылкі на мноства артыкулаў Канстытуцыі Беларусі, якія быццам бы гарантуюць вольнае і спакойнае пражываньне ў краіне кожнаму грамадзяніну.

З просьбаю даць гарантыі бясьпекі Сямёну Шарэцкаму, які вымушана знаходзіцца за межамі Беларусі, выступіў спадар Лябедзька. Ён накіраваў адпаведны ліст на імя Аляксандра Лукашэнкі, паводле ўказаньня якога, як можна меркаваць зь ліста Шэймана, і быў дадзены згаданы адказ.

І хаця зьмест адказу не задаволіў Анатоля Лябедзьку, на ягоную думку, сам факт ліста Шэймана сьведчыць пра тое, што такая праблема існуе. І ня толькі ў дачыненьні да Шарэцкага, але й шэрагу іншых беларускіх палітыкаў. Сваім адказам улады фактычна прызнаюць знаходжаньне за межамі Беларусі людзей, якія апынуліся там паводле палітычных матываў.

Заўтра Анатоль Лябедзька мае намер накіраваць Лукашэнку яшчэ адзін ліст, у якім прапануе канкрэтны мэханізм захаваньня бясьпекі Шарэцкага. Пра тое, як выглядае гэты мэханізм, гаворыць Анатоль Лябедзька…

(Лябедзька: ) "Па-першае, гэта павінен быць дакумэнт, дзе ўлада бярэ на сябе адказнасьць забясьпечыць гарантыі бясьпекі. Гэта першае і самае галоўнае. На практыцы я не выключаю той мажлівасьці, што Службай бясьпекі, якая налічвае некалькі тысяч чалавек, будзе выдзелены адзін ці два целаахоўнікі для Сямёна Георгіевіча Шарэцкага. Усё ж такі не будзем забываць, што гэта чалавек не з вуліцы, гэта кіраўнік Вярхоўнага Савету 13 скліканьня. Можна па-рознаму ставіцца да гэтай інстытуцыі, але гэта наш парлямэнт, гэта нашая рэчаіснасьць, і трэба з павагай адносіцца нават да апанэнтаў улады. Таму што, як ты будзеш адносіцца, так і да цябе будуць адносіцца. Ня сёньня, дык заўтра".

Гэта быў намесьнік страшыні Вярхоўнага Савету Беларусі 13-га скліканьня Анатоль Лябедзька.

XS
SM
MD
LG