Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 лютага 2000 г.


Любоў Лунёва, Менск

Сёньня ў гарадзкім судзе Менску працягваўся разгляд крымінальнае справы 17-гадовае жыхаркі Барысава Надзеі Грачухі, якая абвінавачваецца ў тым, што пад час апазыцыйнай акцыі "Разьвітаньне з прэзыдэнтам" 21 ліпеня 1999 году спаліла чырвона-зялёны сьцяг.

Сёньня ў гарадзкім судзе Менску судзьдзя Валеры Камісараў так і не дачакаўся сьведку з боку міліцыі. Ужо другі дзень гэты міліцыянт ігнаруе судовыя позвы. Таму суд перайшоў да разгляду апэратыўнае відэастужкі.

Надзея Грачуха так пракамэнтавала гэта нашаму радыё:

(Надзея Грачуха: ) "Сёньня паказвалі відэастужку са здымкамі маіх дзеяньняў. Гэтая стужка была непадобнаю на тую, што я глядзела мінулы раз. Адрозьнівалася па форме сьцягу. У мінулай стужцы ён быў больш разгорнуты, а ў гэтай ужо дагараў. Я лічу, што прадстаўнікі міліцэйскага УВД прынесьлі новую стужку. Я лічу, што яны зрабілі мантаж".

Паколькі Надзея – непаўнагадовая, то, паводле заканадаўства, яе законнымі прадстаўнікамі пад час сьледзтва й суду павінны быць яе бацькі. Маці Надзеі Ірына Грачуха паведаміла нашаму радыё:

(Ірына Грачуха: ) "Сёньня мяне так уразіла пазыцыя пракурора, памочніка пракурора. Яна мяне спытала: "Вы чулі аб тым, што вашая дачка спаліла чыровна-зялёны сьцяг, таму што выказвае пратэст супраць існуючага парадку, рэжыму?" Я сказала: "Так, я ўсё чула, я гэта ведаю". І яна была гэтым задаволеная і з урачыстай усьмешкай паглядзела на мяне. Я вельмі трывожуся за лёс Надзеі, здароўе ў яе слабое, але яна моцная дзяўчынка. Мае павялічаную шчытападобную залозу як ва ўсіх дзяцей, страўнік хворы, гастрыт у яе. Ад гэтага рэжыму можна чакаць усяго. Гэта мяне вельмі трывожыць".

З-за адсутнасці сьведкі з боку міліцыі судзьдзя зноў вымушаны быў перанесьці разгляд справы. Згодна з нормамі Крымінальна-працэсуальнага кодэксу, сьведка, які двойчы ўхіліўся ад яўкі ў суд, можа быць дастаўлены туды прымусова. Калі б гэтая мера была ўжытая да супрацоўніка міліцыі, то, магчыма, астатнія міліцыянты пазбавіліся б ад звычкі ігнараваць судовыя позвы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG