Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 лютага 2000 г.


Ганна Навумовіч, Менск

(эфір 5 Лютага)
Праблему антыдэмпігавых санкцыяў у адносінах да беларускіх тавараў прадстаўнікі прадпрыемстваў Беларусі разглядалі разам з прадстаўнікамі бельгійскае кампаніі "Хаммонд Суддарс". Гэтая праблема вельмі актуальная, бо Эўрапейская камісія амаль паўгады разглядае пытаньне санкцыяў на калійныя ўгнаеньні зь Беларусі.

Пасьля распаду Савецкага Саюзу было створана шмат прадпрыемстваў, якія пастаўлялі на эўрапейскі рынак вялікую колькасьць калійных угнаеньняў па невялікіх коштах. На пачатку 90-х гадоў гэта прывяло да таго, што кошты на прадукцыю эўрапейскіх і канадыйскіх калійных кампаніяў зьнізіліся на траціну.

Эўрапейскія – у першую чаргу нямецкія і французкія прадпрыемствы пераканалі Эўрапейскую камісію ўвесьці санкцыі супраць фірмаў былога Савецкага Саюзу. У выніку былі адначасова прызначаныя мінімальныя кошты на калійныя ўгнаеньні і ўведзеныя вельмі высокія мытныя тарыфы для расейскіх і беларускіх кампаніяў. Тарыф на ўгнаеньні для Эўропы склаў больш за 40 адсоткаў. У выніку гандаль з краінамі Эўрапейскага Зьвязу стаў безсэнсоўным.

Тэрмін санкцыяў выцякаў летам мінулага году. З гэтага часу пытаньне санкцыяў разглядаецца Эўрапейскай камісіяй, аднак канчатковае рашэньне яшчэ не прынятае. Дарэчы, камэрцыйныя прадпрыемствы ўжо не займаюцца экспартам калія, паколькі выключным правам на сёньня карыстаюцца вытворцы.

Дзьве расейскія і адна беларуская кампанія аб'ядналіся ў Міжнародную калійную кампанію. Паколькі з Эўропаю гандляваць было немагчыма, кампанія пачала вельмі ўдала супрацоўнічаць з Кітаем, Бразіліяй, Індыяй і па аб'ёмах продажаў сёньня займае першае месца ў сьвеце. Аднак вытворцы беларускага калію зацікаўленыя ў адмене санкцыяў, паколькі кошты на эўрапейскім рынку вышэйшыя і таму прадаваць там угнаеньні значна больш выгодна, чым у Азію ці Лацінскую Амэрыку. Для Беларусі гэтае пытаньне зьяўляецца стратэгічным, паколькі "Беларуськалій" забясьпечвае значную частку валюты для бюджэту краіны.

Паводле меркаваньня адмыслоўцаў, сёньня "Беларуськалій" працуе цывілізавана й таму санкцыі могуць быць адмененыя. Беларускія экспэрты лічаць, што заходнія прадпрыемствы баяцца канкурэнцыі і не вельмі аптымістычна ставяцца да магчымасьці адмены санкцыяў.

Аднак візыт прадстаўнікоў бельгійскае фірмы, якія навучалі беларускіх прадпрымальнікаў пазьбягаць сытуацыяў, якія могуць прывесьці да санкцыяў, можа сьведчыць пра намер Эўропы зрабіць больш мяккі рэжым для беларускіх вытворцаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG