Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 лютага 2000 г.


Валер Каліноўскі, Менск

Увечары 7 студзеня ў Менск з аднадзённым рабочым візытам прыбывае міністар замежных справаў Украіны Барыс Тарасюк. Заплянаваныя ягоныя сустрэчы зь беларускім калегам Уралам Латыпавым, прэм'ер-міністрам Сяргеем Лінгам, з Аляксандрам Лукашэнкам. Тарасюк наведвае Беларусь праездам, кіруючыся ў Партугалію. Візыт у Менск зойме менш як суткі, аніякіх двухбаковых пагадненьняў падчас яго падпісваць не мяркуецца.

У прэсавай службе беларускага Міністэрства замежных справаў паведамілі, што пад час візыту Барыса Тарасюка ў Менску будуць абмяркоўваць праблемы двухбаковых стасункаў. Самая балючая зь іх – далейшае пагаршэньне стану двухбаковага гандлю. Паводле інфармацыі ўкраінскай амбасады ў Менску, агульны аб'ём таваразвароту паміж Украінаю і Беларусьсю летась зьменшыўся ажно на 38 адсоткаў у параўнаньні з 98-м годам.

Разьвіцьцю гандлёвых стасункаў, на думку дарадцы ў эканамічных пытаньнях амбасады Ўкраіны Аляксандра Самадурава, перашкаджаюць дрэнны фінасавы стан прадпрыемстваў, неўрэгуляванасьць заканадаўства і ўзаемнае дамоўнае базы, што датычыць двухбаковага гандлю.

Аніводзін візыт высокапастаўленага ўкраінскага палітыка ў Менск не абыходзіцца без абмеркаваньня праблемы вяртаньня Ўкраінаю старое запазычанасьці, якая, паводле меркаваньня беларускага боку, складае каля мільёна даляраў. Доўг гэты ўтварыўся за першыя пасьляперабудовачныя гады, калі беларускія прадпрыемствы пастаўлялі ва Ўкраіну сваю прадукцыю, але не атрымлівалі за яе грошай. Украінскі бок не прызнае запазычанасьцяў, намагаючыся далікатна абыходзіць гэтую тэму. Мала шанцаў, што беларускаму кіраўніцтву й гэтым разам удасца дамагчыся большага посьпеху, чым звычайна.

Палітычны дыялёг паміж Беларусьсю і Ўкраінаю таксама перажывае пэрыяд стагнацыі. Пасьля завяршэньня пяцігадовага тэрміну паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі й пераабраньня Леаніда Кучмы на новы тэрмін паміж двума кіраўнікамі зьявіўся цень непаразуменьня. Тым ня менш, украінскі прэзыдэнт пераступіў праз гэтыя цяжкасьці й намагаецца пашырыць кантакты з Беларусю. Вось як ацаніла ў інтэрвію "Радыё Свабода" ўкраінскую палітыку адносна Беларусі экспэрт Кіеўскага цэнтру ацэнкі палітычных рызыкаў Марыя Старажыцкая…

(Старажыцкая: ) "Сёньняшняя геапалітычная стратэгія Ўкраіны адносна Беларусі мае на мэце ані ў якім выпадку не пакінуць суседнюю дзяржаву ў палітычнай ізаляцыі (іншымі словамі – пад поўным і канчатковым расейскім палітычным патранатам). Наадварот, размова йдзе пра тое, як пашырыць нашы сувязі, і ў першую чаргу эканамічныя".

У сувязі з тым, што Леанід Кучма ініцыяваў рэфэрэндум з мэтаю пашырэньня сваіх паўнамоцтваў, можа падацца актуальным пытаньне, ці не зацікавіўся ўкраінскі прэзыдэнт адпаведным досьведам Аляксандра Лукашэнкі. Марыя Старажыцкая лічыць, што гэта неактуальна:

(Старажыцкая: ) "Наш рэфэрэндум адбудзецца ў красавіку, пытаньне з Вярхоўнай Радаю знаходзіцца ў стадыі вырашэньня, і там ёсьць бальшыня, якая павінна працаваць і вырашаць праблемы. Рэфэрэндум жа зьвядзецца да канчатковага вырашэньня пытаньня, ці трэба нам дзьвюхпалатны парлямэнт. Адносна досьведу Беларусі ў гэтым пляне нейкіх выказваньняў не было, і навогул, прэзыдэнт Кучма не цікавіўся іншым досьведам. Украіна тут, напэўна, пойдзе абсалюта ўласным шляхам", – зазначыла ў інтэрвію "Радыё Свабода" незалежны экспэрт з Кіева Марыя Старажыцкая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG