Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 лютага 2000 г.


Уладзімер Глод, Менск

Беларускія ўлады прайгнаравалі чарговую спробу наладзіць дыялёг з палітычнай апазыцыяй. Гэтак званыя "нефармальныя сустрэчы" пад эгідаю АБСЭ, прызначаныя на 7 лютага, не адбыліся.

Калі сёньня а трэцяй гадзіне я прыйшоў у Міжнародны адукацыйны цэнтар, дзе павінен быў пачацца першы раунд нефармальных сустрэчаў, дык убачыў там, акрамя супрацоўнікаў Кансультатыўна-назіральнае групы АБСЭ, толькі Юрыя Хадыку. Як высьветлілася, яго аднаго не пасьпелі папярэдзіць пра тое, што сёньня сустрэча не адбудзецца.

А вядома пра гэта стала апоўдні, пасьля наведваньня кіраўніком групы АБСЭ Гансам-Георгам Вікам Міністэрства замежных справаў Беларусі. Там у яго адбылася размова з кіраўніком управы міжнародных арганізацыяў міністэрства Ўладзімерам Макеям. Такі ня вельмі высокі ўзровень кантактаў у вонкапалітычным ведамстве патлумачылі тым, што літаральна ўсіх намесьнікаў міністра зваліў грып.

Паводле нашых дадзеных, спадар Макей паведаміў, што ўрадавы бок пакуль не гатовы да нефармальных сустрэчаў з апазыцыяй.

Ідэю нефармальных кантактаў упершыню агучыў амбасадар Вік у мінулы аўторак, пад час паседжаньня Кансультатыўнае рады апызыцыйных палітычных партыяў. Паводле ягоных словаў, такая рэкамэндацыя была дадзеная ў Страсбургу, калі Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы абмяркоўвала беларускае пытаньне.

Яшчэ ў аўторак беларускія апазыцыянэры вельмі скэптычна ацанілі магчымасьць нефармальных перамоваў. Але тады спадар Вік спаслаўся на спрыяльны адказ на гэтую прапанову міністра Латыпава, а таксама (далей цытую Віка) "на пэўныя добрыя сігналы зь міністэрства замежных справаў".

Між тым, 8 лютага амбасадар Вік вылятае ў Вену, дзе 9 і 10 лютага адбудзецца рабочае паседжаньне Сталага камітэту парлямэнцкай асамблеі АБСЭ і дзе ён мае намер распавесьці пра становішча ў Беларусі.

Ня выключана, што ў Вене Вік абмяркуе беларускае пытаньне з новым міністрам замежных справаў Аўстрыі. Справа ў тым, што кіраўнік вонкапалітычнага ведамства гэтае краіны аўтаматычна становіцца дзеючым старшынём АБСЭ. А Вольфганг Шусэль, які пакінуў гэтую пасаду, цяпер узначаліў аўстрыйскі ўрад.

XS
SM
MD
LG