Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 лютага 2000 г.


Любоў Лунёва, Менск

У Гарадзкім судзе Менску адбылося судовае паседжаньне ў крымінальнай справе непаўнагадовае дзяўчыны з Барысава Надзеі Грачухі. Яна абвінавачваецца ў тым, што 21 ліпеня спаліла на Кастрычніцкім пляцы чырвона-зялёны сьцяг.

Сёньня ў гарадзкім судзе пачаўся разгляд крымінальнае справы сямнаццацігадовае Надзеі Грачухі. Справу ўзбудзіла 22 ліпеня 1999 году гарадзкая пракуратура паводле артыкулу 186 Крымінальнага кодэксу ("удзел у групавых дзеяньнях, якія пацягнулі масавыя беспарадкі"). Надзея Грачуха абвінавачваецца ў тым, што 21 ліпеня пад час апазыцыйнай акцыі "Разьвітаньне з прэзыдэнтам" падпаліла чырвона-зялёны сьцяг, які валяўся на прыступках Палаца Рэспублікі.

Нагадаем, што ў той дзень на Кастрычніцкім пляцы сабраліся некалькі тысячаў чалавек, каб адзначыць апошні дзень легітымнасьці прэзыдэнта Лукашэнкі. Пасьля мітынгу людзі прайшлі калёнаю да пляцы Незалежнасьці, а адтуль па вуліцы Маркса намагаліся прайсці да будынку Адміністрацыі Лукашэнкі, але іх сустрэлі моцныя кардоны спэцназаўцаў. Пасьля акцыі пачаўся гэтак званы "хапун". Было затрымана некалькі дзясяткаў чалавек.

Сьведка ў справе Галіна Рыбянкова ў судовай зале распавяла пра тое, што яе таксама схапілі, кінулі ў міліцэйскую машыну, адвезьлі спачатку ў адзін пастарунак, потым – у другі. Там яна сустрэла шмат людзей, якія пабывалі на пляцы. Іх увесь час палохалі тым, што атрымаюць па два гады турмы. Яна таксама абуралася ў судовай зале тым, што людзей трымалі ў актавай зале да гадзіны ночы, пакуль ня скончыў працу гарадзкі транспарт. Людзі вымушаныя былі ўначы пад дажджом дабірацца дахаты.

Судзьдзя Валеры Камісараў пацікавіўся – ці зьяўляецца сьведка сябрам якой-небудзь палітычнае партыі. Гэтае пытаньне красамоўна прадэманстравала палітычную афрбоўку крымінальнае справы.

Сьведка з боку міліцыі – супрацоўнік Гарадзкое ўправы нутраных справаў Эдуард Аляб'еў – паведаміў наступнае: "…Людзі прыйшлі на пляц, каб адзначыць сьвята, бо ў той дзень скончыўся тэрмін паўнамоцтваў прэзыдэнта…" Ён таксама распавёў пра тое, што на прыступках пад час акцыі ляжаў расейскі сьцяг.

Надзея Грачуха ў судовай зале паведаміла "Радыё Свабода":

(Грачуха: ) "Я стаяла на плошчы. Тут да мяне скрозь натоўп падышла нейкая жанчына, я яе пазнала, гэта была мая знаёмая, мы разы тры бачыліся. І яна мне сказала: "Надзея, палі". І я вырашыла, што трба вырашыць свой пратэст, бо наш бел-чырвона-белы сьцяг я вам скажу хто спаліў – Ціцянкоў. Я таксама вырашыла выказаць такі пратэст. Ні дзеля яе, ні дзеля нікога, дзеля сябе. Я грамадзянка, я маю думку такую".

З-за таго, што на суд не прыйшоў яшчэ адзін сьведка з боку міліцыі, судзьдзя Валеры Камісараў прызначыў далейшы разгляд справы на заўтра.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG