Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 лютага 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Кіраўнікі Свабоднага прафэсійнага саюзу прадпрымальнікаў ня выключаюць, што ў бліжэйшыя дні будзе прынятае рашэньне спыніць агульнанацыянальную акцыю пратэсту. Лідэры страйкоўцаў лічаць, што частка прадпрымальнікаў (асабліва ў Менску) аказалася не падрыхтаванай да доўгатэрміновага страйку і мае намер выйсьці на працу.

Тое, што частка прадпрымальнікаў гатовая пачаць працу, стала відавочным яшчэ ўчора. Так, на кірмашы ў Ждановічах у нядзелю працавала прыкладна 40 адсоткаў гандляроў; на стадыёне "Дынама" гандлявалі некалькі дзясяткаў палатак.

На думку кіраўніка страйкавага камітэту Валерыя Леванеўскага, хаця страйк можна лічыць удалым (прадпрымальнікі пратрымаліся цэлы тыдзень), тым ня менш, Свабоднаму прафэсійнаму саюзу пакуль не ўдалося адолець уладу на інфармацыйным полі.

Паводле словаў спадара Леванеўскага, улады няспынна й мэтанакіравана ўводзілі ў зман прадпрымальнікаў абяцаньнямі выканаць патрабаваньні, калі тыя пачнуць працаваць. У Свабоднага прафэсійнага саюзу, на яго думку, не хапіла людзкіх рэсурсаў дайсьці да кожнага гандляра й патлумачыць пазыцыю страйкоўцаў.

Супраць Свабоднага прафэсійнага саюзу дзейнічалі адміністрацыі кірмашоў, міліцыя ды іншыя дзяржаўныя ворганы. Таму й сталася так, што пад канец мінулага тыдня шмат якія людзі, асабліва ў Менску, сталі вагацца й думаць – ці не пачаць працу. Гандляры таксама ня бачылі рэальных вынікаў свайго ціску на ўлады – чыноўнікі адмаўляліся весьці перамовы. Гаворыць Валеры Леванеўскі:

"Страйк мае сэнс, калі не працуе адсоткаў 80-90. Калі такі парог зьніжаецца, то гэта ўжо ня страйк, а дарэмная трата часу й рэсурсаў. Нам цяпер больш карысна, каб людзі выйшлі на працоўныя месцы, каб сабраць сродкі, якіх не хапае. Шмат грошай пайшло на ўлёткі, і цяпер мы ня можам нават давесьці да людзей адпаведную інфармацыю (а гэта ўсё ж 130 тысячаў чалавек) і далей працягваць барацьбу за правы й інтарэсы прадпрымальнікаў. Я думаю, што гэты страйк – толькі пачатак нашае супольнае барацьбы", – лічыць кіраўнік Свабоднага прафэсійнага саюзу прадпрымальнікаў Валеры Леванеўскі.

Ён лічыць, што акцыя пратэсту ўдалася. Паводле словаў Леванеўскага, за час страйку створана некалькі першасных суполак Свабоднага прафэсійнага саюзу ў розных рэгіёнах краіны, актывісты-страйкоўцы набылі каштоўны досьвед працы зь людзьмі, і ім паверылі тысячы прадпрымальнікаў. Актывісты прафэсійнага саюзу, на ягоную думку, павінны таксама зрабіць высновы з памылак, каб не дапускаць іх у будучыні.

Прадстаўнікі страйкаму не зьбіраюцца адмаўляцца ад наладжваньня перамоваў з уладамі. Як паведаміў нашаму радыё адзін зь лідэраў Свабоднага прафэсійнага саюзу Леанід Каліценя, сёньня была дасягнутая дамоўленасьць з прадстаўнікамі шэрагу міністэрстваў і ведамстваў наконт правядзеньня круглага стала, прысьвечанага праблемам малога бізнэсу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG