Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 лютага 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

(эфір 5 Лютага)
Прагнозы дзяржаўных чыноўнікаў і прадстаўнікоў афіцыйнага прафэсійнага саюзу "Садружнасьць" адносна таго, што агульнанацыянальны страйк дробных прадпрымальнікаў скончыцца ў суботу, не спраўдзіліся. Сёньня на бальшыні рэчавых кірмашоў Беларусі акцыя пратэсту працягвалася. Тым часам, у Менску, улады пачалі ўжываць сілавыя захады супраць лідэраў страйкоўцаў – сёньня на кірмашы "Ждановічы" міліцыя затрымала намесьніка старшыні мясцовае суполкі Свабоднага прафэсійнага саюзу Ўладзімера Кожуха.

Сёньня ўраніцу на менскім кірмашы "Дынама" можна было назіраць карціну, нязвыклую для суботы – дня, калі звычайна гандаль на кірмашох ідзе найбольш актыўна. Каля тысячы прадпрымальнікаў, якія прыехалі на кірмаш са сваімі торбамі й валізамі, тавар на прылаўкі так і ня выклалі. Замест таго каб працаваць, гандляры зьбіраліся групамі ў розных месцах стадыёну й вырашалі, што ім рабіць далей.

Актывісты Свабоднага прафэсійнага саюзу пераконвалі сваіх калегаў у тым, што страйк неабходна працягваць да таго часу, пакуль улады не стануць выконваць іхныя патрабаваньні й не пачнуць перамовы з прадпрымальнікамі. Прадстаўнікі жа афіцыйнага прафэсійнага саюзу "Садружнасьць" упрошвалі бізнэсоўцаў не пратэставаць, а пачынаць працаваць – толькі тады, маўляў, улады прыслухаюцца да вашых патрабаваньняў.

Бальшыня гандляроў спачатку нерашуча чухалі патыліцу й ня ведалі, якую пазыцыю ім заняць. Тым часам тры актывісты "Садружнасьці" дэманстратыўна разгарнулі свае намёты, разьвесілі тавар і сталі заклікаць іншых зрабіць тое самае, але безвынікова. Убачыўшы, што астатнія прадпрымальнікі працаваць намеру ня маюць, гэтыя трое праз гадзіну свае павілёны разабралі. Заўтра прадстаўнікі "Садружнасьці" усё ж такі маюць намер вывесьці сваіх прыхільнікаў на працу.

Дыскусія паміж гандлярамі адносна таго, ці трэба страйкаваць, ішла прыкладна дзьве гадзіны. Нарэшце актывістам Свабоднага прафэсійнага саюзу ўдалася давесьці людзям неабходнасьць працягнуць акцыю пратэсту. Паводле лідэраў страйкоўцаў, ужо дасягнутая дамоўленасьць зь Міністэрствам прадпрымальніцтва аб пачатку перамоваў.

У панядзелак кіраўнікі Свабоднага прафэсійнага саюзу павінны сустрэцца з намесьнікам міністра спадаром Гараевым. Прадстаўнікі страйкаму сьцьвярджаюць, што простыя прадпрымальнікі абсалютна пазбаўленыя магчымасьці атрымліваць праўдзівую інфармацыю пра тое, як праходзіць страйк у іншых гарадох.

А тым часам сёньня не працавалі амаль усе рынкі ў рэгіёнах Беларусі, на другім буйным кірмашы Менску – "Ждановічы" – прыкладна 80 адсоткаў гандляроў таксама працягвалі страйк.

Як паведаміў нашаму радыё адзін з кіраўнікоў страйкаму прадпрымальнікаў Леанід Каліценя, у сталіцы сёньня працавала толькі частка міні-кірмашоў, аўтамабільныя кірмашы, "Камароўка", а таксама некаторыя гандляры на кірмашы "Ждановічы" – пераважна кітайцы, віетнамцы й цыганы.

Паводле Каліцені, улады моцна перашкаджаюць ягоным калегам весьці агітацыйную працу. На кірмашы "Дынама" міліцыянты сёньня папярэджвалі актывістаў-страйкоўцаў, што будуць іх затрымліваць, калі тыя ня спыняць сваю агітацыю.

Сёньня міліцыянты ўжо затрымалі намесьніка старшыні суполкі Свабоднага прафэсійнага саюзу кірмашу "Ждановічы" Ўладзімера Кожуха. Уладзімер некалькі гадзінаў правёў у пастарунку, дзе на яго склалі пратакол за правядзеньне несанкцыянаванага мітынгу, пасьля чаго ўручылі позву ў суд і выпусьцілі. Нягледзячы на гэтыя перашкоды з боку ўладаў, лідэры Свабоднага прафэсійнага саюзу лічаць, што страйк праходзіць удала.

XS
SM
MD
LG