Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 лютага 2000 г.


Мікола Іваноў, Прага

Учорашні дзень, як сьцьвярджаюць аўстрыйскія газэты, быў самым цяжкім у палітычнай кар'еры прэзыдэнта Аўстрыі Томаса Клестыля. Нягледзячы на пратэсты сусьветнага грамадзтва, ён згадзіўся на стварэньне новага кааліцыйнага ўраду, куды ўвойдуць і прадстаўнікі ультра-правай Партыі Свабоды…

Прэзыдэнт Аўстрыі, аднак, перад тым як згадзіўся на ўваход ультра-правых ва ўрад Аўстрыі, запатрабаваў ад іхнага лідэра, старшыні Партыі Свабоды Гэрога Хайдара, падпісаць дэклярацыю аб тым, што ён прызнае адказнасьць Аўстрыі за злачынствы фашыстаў падчас Другой усясьветнай вайны. У гэтай дэклярацыі, у прыватнасьці, гаворыцца: "Наша краіна перажыла ў сваёй гісторыі сьветлыя і цёмныя старонкі. Адказнасьць за гэта нясуць усе аўстрыйцы – за добрыя справы і за дрэнныя. Яны адказныя за нацыяналізм, дыктатуру, варожасьць, якая прывяла да вайны, ксэнафобію, расізм і масавыя забойствы…. Унікальнасьць злачынстваў Халакосту, якія ня маюць прэцэдэнту ў гісторыі, павінны быць сталым папярэджаньнем нам аб пагрозе ўсіх формаў дыктатуры і таталітарызму".

Акрамя таго, Хайдар разам са сваім кааліцыйным партнэрам і будучым канцлерам Аўстрыі Вольфгангам Шуссэлем падпісалі супольную дэклярацыю аб тым, што новы аўстрыйскі ўрад прызнае і будзе прытрымлівацца тых дэмакратычных прынцыпаў, якія існуюць у Эўрапэйскім Зьвязе.

Сам жа Шусэль, з нагоды стварэньня новага ўраду, заявіў на прэсавай канфэрэнцыі, што шмат хто за мяжой па-просту не разумее, што цяпер адбываецца ў Аўстрыі, што Аўстрыя – не краіна, якая разьвіваецца, якую трэба вучыць дэмакратыі.

Нягледзячы на падобныя прадэмакратычныя заявы новых аўстрыйскіх лідэраў, эўрапэйская і сусьветная грамадзкая думка па ранейшаму выказваюць сваю заклапочанасьць у справе прыходу да ўлады ў Аўстрыі ўльтра-правых.

Эўрапэйскі Зьвяз прыняў пастанову ў якой гаворыцца, што 14 краінаў гэтай арганізацыі разглядаюць пэрспэктыву прыпыненьня ўсіх кантактаў з Аўстрыяй на афіцыйным узроўні. Бэльгійскі міністар замежных справаў Люіс Мішэль нават зрабіў намёк на магчымасьць прыпыненьня сяброўства Аўстрыі ў Эўразьвязе. "Мы не павінны трымаць Аўстрыю ў нашай арганізацыі любым коштам," – заявіў ён у інтэрв'ю бэльгійскаму радыё.

Ізраільскі ўрад паведаміў, што ён адклікае свайго пасла зь Вены, калі партыя свабоды Хайдара прыдзе да ўлады.

У Вашынгтоне намеснік прэсавага сакратара Дзяржаўнага дэпартамэнту Джэймс Фолі заявіў наступнае:

"Абсалютна зразумела, што мы вельмі заклапочаныя магчымасьцю ўваходу партыі Свабоды ў новы ўрад Аўстрыі… У сувязі з глыбокай трывогай, якая цяпер існуе ў Эўропе, у ЗША і ва ўсім сьвеце, датычнай некаторых папярэдніх заяваў лідэра партыі Свабоды ў справе нацысцкай гісторыі, мы таксама вельмі пільна сочым за далейшым ходам падзеяў".

Між тым, нягледзячы на міжнародныя пратэсты, сёньня апоўдні прэзыдэнт Томас Крэстыл прыняў прысягу новага габінэту міністраў. У ім 10 міністраў. Пяць міністэрсткіх пасадаў належаць кансэрватыўнай партыі Шуссэля і пяць партыі Свабоды. Новым канцлерам стаў сам Шусэль, а віцэ-канлерам Сюзана Райс Пасэр з партыі Хайдара. Сам Хайдар не ўвайшоў у склад ураду, ён будзе па-ранейшаму выконваць абавязкі губэрнатара правінцыі Карынтыя.

Вядучы: Ня гледзячы на апошнія заявы Хайдара і супольную дэклярацыю, у якой ён і новы канцлер краіны Шусэль прызналі адказнасьць аўстрыйцаў за фашыстоўскія злачынствы, пасол Ізраілю ўжо пакінуў Вену. Фінляндыя прыпыніла афіцыйныя адносіны з Аўстрыяй. Бэльгія, Францыя і Партугалія паведамілі, што яны скарачаюць адносіны на афіцыйным узроўні. Антыаўстрыйскія дзеяньні рыхтуюць і іншыя краіны Эўразьвязу.

XS
SM
MD
LG