Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 лютага 2000 г.


Вольга Караткевіч, Прага

Два знаёмыя азначэньні фігуруюць у ацэнцы сытуацыя ва ўкраінскім парлямэнце – "Аксамітная рэвалюцыя" і "Новы кастрычнік".

Паседжаньні 445 дэпутатаў Вярхоўнай Рады Ўкраіны павінныя распачацца 8-га лютага. Пратэстанты патрабуюць, каб сэсію распачаў былы старшыня парлямэнту Аляксандар Ткачэнка, які быў пераабраны на Івана Плюшча. Прадстаўнікі прагрэсыўных сацыялістаў і некаторыя дэпутаты ад камуністаў і сялянаў абяцаюць заблякаваць праходы ў залю Вярхоўнай Рады. Нягледзячы на тое, што фракцыя прагрэсыўных сацыялістаў на чале з Натальляй Вітрэнкай налічвае 11 чалавек, цяпер у акцыі прастэсту ў залі паседжаньня Вярхоўнай Рады каля 120 чалавек. Прадстаўнікі камуністаў падтрымліваюць калегаў у ідэалёгіі. Я папрасіла ацаніць сытуацыю лідэра фракцыі камуністаў, у якую ўваходзяць 123 дэпутаты, Пятра Сіманенку:

(Сіманенка: ) "Тое, што адбываецца з парлямэнцкай меншасьцю, мае дачыненьне й да нашай дзейнасьці. Ва ўкраінскім парлямэнце склалася парлямэнцкае прыгоннае права. Прыгонныя сёньня – гэта тыя, хто абслугоўвае прэзыдэнцкую ўладу, хто сёньня запалоханыя, хто мае той ці іншы бізнэс, зьяўляецца алігархамі, менавіта яны спрычыніліся да гэтай штучнай сытуацыі і разьвіцьця падзеяў у Вярхоўнай Радзе, што хвалюе не толькі народ Украіны, але й Эўрапейскую грамадзкасьць".

(Карэспандэнт: ) "Прэзыдэнт Леанід Кучма, ягоны прадстаўнік у парлямэнце заявілі, што ня будзе сілавага разьвязаньня канфлікту. Я б хацела, каб вы спрагнанавалі разьвіцьцё падзеяў…"

(Сіманенка: ) "Прэзыдэнт гаворыць адно, а робіць зусім іншае. Як мы ўчора ранкам прыйшлі да будынку Вярхоўнае Рады, а там памоцненая ахова, калі абмежаваныя магчымасьці для перамяшчэньня народных дэпутатаў, то гэта ўжо сьведчыць пра тое, што антыканстытуцыйны пераварот закончыўся путчам у нашай Вярхоўнай Рады".

Гаварыў Пётар Сіманенка – лідэр фракцыі камуністаў Вярхоўнай Рады Ўкраіны. Сіманенка яшчэ раз падкрэсьліў, што канфлікт – штучнаствораны, бо дэпутаты яшчэ не абмяркоўвалі галоўныз законаў, бюджэту, што магло б рэальна падзяліць дэпутатаў. Дарэчы, украінскія левыя лічаць, што прапанаваны бюджэт мае рэзка антысацыяльную ськіраванасьць – я працытавала прадстаўнікі сялянскай фракцыі Міхайлы Туша. Чаму прагрэсыўныя сацыялісты страйкуюць – я запыталася ў дэпутата гэтай фракцыі Людмілы Безугай:

(Безугай: ) "Нашая фракцыя пайшла на такі неардынарны крок, таму што бальшыня, выйшла з прававога поля. У Нас ёсьць канстытуцыя ва Ўкраіне. Няхай яна буржуазная. Супраць яе мы выступалі і будзем выступаць. Яна буржуазная. Паколькі ў нас ва Ўкраіне вельмі цяжкая сытуацыя ў эканоміцы, Міжнародны валютны фонд цалкам дыктуе ўмовы нашаму прэзыдэнту. І ягоным служкам – Юшчанку. Яны выконваюць заказ Міжнароднага валютнага фонду. Усталёўваюць генацыдныя нормы выжываньня для людзей. У нас на сёньняшні дзень людзі масава выміраюць. Статыстыка гэтага не вядзецца і не публікуецца. Таму нашая фракцыя, разумеючы, што гэтая бальшыня . не магла стварыцца ўнутры парлямэнту, але сёньня алігархі прыходзяць да ўлады. Алігархі топчуць нават буржуазную канстытуцыю".

Гэта была Людміла Бязугая, прадстаўнік украінскай прагрэсыўнай сацыялістычнай партыі ў Вярхоўнай Радзе. Парлямэнцкую бальшыню склалі партыі Народны Рух, Народна-дэмакратычная, сацыялісты і зялёныя.- 240 чалавек. Яны зараз працуюць у камісіях над законамі. Я зьвязалася зь кіраўніком фракцыі Народнага руху ў Вярхоўнай Радзе Ўкраіны Юрам Кастэнкам:

(Кастэнка: ) "Ва Ўкраіне адбываецца звычайны працэс дэмакратызацыі. І чарга дайшла да Вярхоўнай Рады. Тое, што мы маем сёньня эканамічныя праблемы, зьвязана і з тым, што ў Вярхоўнай Радзе ніколі не была створаная бальшыня , якая б разам з урадам брала на сябе адказнасьць за стан краіны. Так, як гэта робіцца ва ўсіх дэмакратычных краінах сьвету. Прымалася кампрамісна, калі адзін артыкул дэкляраваў намер мець дэмакратычную рынкавую эканоміку, другі артыкул таго ж самага закону пярэчыў гэтаму намеру. Тое, што сёньня сфармавалася бальшыня і бярэ на сябе адказнасьць падтрымліваць урад і тыя законы, якія дапамогуць Украіне выйсьці з эканамічнага крызысу, - гэта пазытыўны момант. Гэта практыка бальшыні дэмакратычных краінаў. Тое, што працэс фармаваньня бальшыні ў Радзе суправаджаецца намаганьнем левых блякаваць яго, ну, дык мы ўсе вучымся дэмакратыі. А ацэнка, якую сёньня даюць камуністы гэтым усім працэсам, то яна вельмі далёкая ад рэальнай сытуацыі ва Ўкраіне. Сёньня каардынацыйная рада бальшынёй ухваліла пастанову правесьці сумеснае паседжаньне бальшыні і меншыні, дзе будзе абмеркаваннае пытаньне нашага далейшага супрацоўніцтва ў Радзе".

На сувязі зь Кіеву быў лідэр народнага руху Ўкраіны, дэпутат парлямэнту Юры Кастэнка. Левыя пакуль на дыялёг не йдуць, іхныя прыхільнікі працягваюць пікетаваць Будынак украінскага парлямэнту. Пікетоўцы патрабуюць: "Украіне – плянавую эканоміку і працу для ўсіх!", "Далоў прыватызацыю, даеш нацыяналізацыю", "Уся ўлада – дэпутатам працоўных!". Але гэты этап, які цягнуўся 73 гады, для Ўкраіны ўжо амаль завершаны.

XS
SM
MD
LG