Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 лютага 2000 г.


Уладзімер Кулажанка, Менск

(эфір 5 лютага)
Эканамічны агляд тыдня прафэсара Ўладзімера Кулажанкі.

На мінулым тыдні старшыня Нацыянальнага банку Пётар Пракаповіч, агалошваючы прынцыпы грашова-крэдытнае палітыкі на гэты год, паведаміў, што за першыя тры тыдні студзеня інфляцыя перавысіла 10 адсоткаў. Калі такімі ж тэмпамі яна расла і апошнім тыднем (а ў гэтым няма сумневу), то гэта азначае, што 50-адсоткавая прыбаўка ў зарабках бюджэтнікаў зьведзеная на нішто.

І вось у гэтых умовах дзяржава прапануе сёлета сваім грамадзянам будаваць жыльлё за ўласныя сродкі. Пра гэта абвясьціў Аляксандар Лукашэнка пад час наведваньня гэтак званага "Алімпійскага" комплексу. А ўрад толькі што прыняў адпаведную пастанову.

Улады спасылаюцца на эўрапейскі досьвед такога падыходу да будаўніцтва жыльля. Але чамусьці ня хочуць зразумець, што беларус, атрымліваючы 40 даляраў сярэднямесячнага заробку, толькі на 1 квадратны мэтар жыльля павінен працаваць ня меней як паўгады. Таму пастанова ўрада прыдатная толькі для невялікай часткі багатага насельніцтва, для гэтак званых новых беларусаў. А для бальшыні карысьці ад яе аніякай. Адная безнадзейнасьць.

Гучнай падзеяй адыходзячага тыдня стаў пачатак страйку прыватных прадпрымальнікаў супраць падатковае палітыкі. Урад разгарнуў актыўную агітацыю супраць страйку. Міністар прадпрымальніцтва Аляксандр Сазонаў папярэдзіў прадпрымальнікаў, што на іхны ціск урад не паддасца, і што пацерпяць яны самі, бо згубяць рабочыя месцы.

Як пагроза прадпрымальніцкаму сэктару выглядае і тое, што Аляксандар Лукашэнка даручыў ураду "апэратыўна разгледзець магчымасьць арганізацыі закупак і аптовага гандлю таварамі шырокага спажываньня на рэчавых кірмашох Рэспублікі".

Але, па-першае, немагчыма арганізоўваць аптовы гандаль сотнямі тысячаў відаў тавараў. А, па-другое, пацерпяць ад гэтага толькі спажыўцы, бо іх у такім разе чакае татальны дэфіцыт, як атрыбут камандавай эканомікі. І хоць арганізацыю дзяржаваю аптовага гандлю Лукашэнка лічыць за форму стварэньня канкурэнцыі, на справе наадварот – гэта ёсьць барацьба дзяржавы з канкурэнцыяй.

Пасьля некалькіх дзён страйку улады ўсё ж мусілі адрэагаваць на шырокі страйкавы рух прадпрымальнікаў. Кіраўнік падаткавага камітэту Мікалай Дзямчук у чацьвер заявіў, што стаўкі падаткаабкладаньня прадпрымальнікаў перагледжаныя ў бок зьмяншэньня і з гэтае нагоды з дня на дзень чакаецца падпісаньне ўказу Лукашэнкам.

На адыходзяцым тыдні зьвярнула на сябе ўвагу і інтэграцыйная гульня вакол эканамічных сувязяў з рэгіёнамі Расеі. У Менск прыяжджалі прадстаўнікі Пензэнскай і Саратаўскай губэрняў. Але пад час перамоваў высьветлілася, што гаворка йдзе не пра пашырэньне эканамічных сувязяў, а толькі пра аднаўленьне страчанага за апошнія два гады. Напрыклад, з Саратаўскай губэрняй таваразварот за гэты час скараціўся ажно ўдвая.

XS
SM
MD
LG