Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 лютага 2000 г.


Ягор Маёрчык, Менск

Ад гэтага дня аўтазалівачным станцыям Беларусі дазволена прадаваць насельніцтву паліва за валюту. Адпаведны загад падпісаны кіраўніцтвам канцэрну "Белнафтахім". Новаўвядзеньне супала з падрыхтоўкаю да веснавой сяўбы і са спробамі Нацыянальнага банку папоўніць валютныя запасы, каб стабілізаваць курс беларускага рубля.

Выглядае, што загад канцэрну "Белнафтахім" сакрэтны. Ён пакуль не апублікаваны, а ўсе спробы здабыць тэкст дакумэнту аказаліся марнымі. Прадстаўнікі кацэрну адмаўляюцца камэнтаваць гэты загад.

Вядома толькі, што літар бэнзыну А-76 будзе каштаваць 30 амэрыканскіх цэнтаў, АІ-92 – 40, АІ-95 – 45, а літар дызэльнага паліва – 25 цэнтаў. На станцыях па трасе Берасьце—Масква кошты на ўсе віды бэнзыну павялічаныя на пяць цэнтаў за літар.

Ці азначае зьяўленьне загаду, што паліва будзе прадавацца выключна за цьвёрдую валюту? Колькі грошай разьлічвае атрымаць "Белнафтахім"? Куды будуць накіраваныя гэтыя сродкі? Якая сувязь паміж зьяўленьнем загаду й набліжэньнем сяўбы? І, нарэшце, хто зможа гандляваць бэнзынам за валюту? Адказаў на гэтыя пытаньні няма.

На аўтазалівачныях станцых Менску пра новы загад ня ведаюць. Сёньня зранку паліва па-ранейшаму набывалі за беларускія рублі. Літар АІ-92 каштуе 280, а 95-га – 386 новых беларускіх рублёў. Згодна зь інфармацыяй аўтамабільнае службы даведак, бэнзын за цьвёрдую валюту можна набыць на трох аўтазалівачных станцыях расейскае нафтавае кампаніі "Лукойл". Апэратары даведачнае службы з новым загадам "Белнафтахіму" таксама не знаёмыя.

Гандаль палівам за валюту існаваў і раней. Дзеля гэтага аўтазалівачныя станцыі павінны былі валодаць адпаведнымі ліцэнзіямі.

Многія зьвязваюць новы загад з набліжэньнем вясновай сяўбы. Сельскай гаспадарцы хранічна не стае паліва. "Белнафтахім" можа стварыць бачнасьць вырашэньня праблемы, калі паліва насельніцтва зможа набываць толькі за цьвёрдую валюту. У гэтым выпадку попыт на бэнзын з боку аўтааматараў імгненна скароціцца, і паліва можна будзе накіраваць на патрэбы вёскі. Акрамя гэтага, будзе створаная стабільная крыніца для атрыманьня цьвёрдае валюты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG