Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 лютага 2000 г.


Юры Дракахруст, Менск

У суботу ў Менск прыбывае прадстаўніца Эўрапейскае камісіі Маргарэта Летархаг. Мэта ейнага візыту – высьвятленьне сытуацыі з рэалізацыяй у Беларусі праграмы TACIS "Разьвіцьцё грамадзянскае супольнасьці". Як паведаміў "Радыё Свабода" каардынатар праграмаў TACIS у Беларусі Ўладзіслаў Міхневіч, рэалізацыя праекту "Развіцьцё грамадзянскае супольнасьці" пачнецца пазьней, чым было заплянавана.

Выкананьне праекту павінна было распачацца з 1 сакавіка, але, як паведаміў прадстаўнік TACIS у Беларусі спадар Міхневіч, зараз ужо відавочна, што гэты тэрмін ня будзе вытрыманы. Прычына, паводле ягоных словаў, знаходзіцца не ў Беларусі, а ў Брусэлі.

Праграма, якая будзе ажыцьцяўляцца ў межах агульнае праграмы ЭўраЗьвязу TACIS у супрацоўніцтве з краінамі Ўсходняе Эўропы, прадугледжвае выдаткаваньне 5 мільёнаў эўра на разьвіцьцё незалежных беларускіх мэдыяў, падтрымку няўрадавых арганізацыяў і прафэсійных саюзаў, а таксама на супрацоўніцтва ў сфэры адукацыі.

Летась у лістападзе праграма "Разьвіцьцё грамадзянскае супольнасьці" была падпісаная прадстаўнікамі ЭўраЗьвязу і беларускага ўраду. Афіцыйны Менск даўгі час не згаджаўся на тое, каб запаліць для гэтае заходняе дапамогі "зялёнае сьвятло". Лукашэнка, маючы на ўвазе менавіта гэтую праграму, гаварыў пра пляны ЭўраЗьвязу даць грошы апазыцыі "на зьвяржэньне ўлады". І ўсё ж урэшце рэшт беларускія ўлады далі згоду.

Але зараз праблемы ўзніклі ў эўрапейскага боку. Справа ў тым, што кіраўніцтва TACIS не ажыцьцяўляе адміністраваньне сваіх праграмаў самастойна – звычайна знаходзіць нейкую ўплывовую заходнюю няўрадаваю арганізацыю, якая і рэалізуе праграму. Для беларускага праекту такую арганізацыю пакуль не знайшлі. А не знайшлі адміністратара – няма фінансаваньня. Сытуацыя ўскладняецца яшчэ і рэарганізацыяй Эўракамісіі – аддзелу ЭўраЗьвязу, які, апроч іншага, кіруе праграмаю TACIS.

Каардынатарка праграмаў Эўракамісіі спадарыня Летархаг, якая прыяжджае ў Беларусь, была прызначаная на гэтую пасаду нядаўна і яе візыт мае азнаямленчы характар. Яна сустрэнецца з кіраўніком эўрапейскага дэпартамэнту беларускага МЗС Уладзімерам Макеем. На працягу наступнага тыдня адбудуцца яе сустрэчы з прадстаўнікамі беларускіх няўрадавых арганізацяў, якія павінны атрымаць фінансаваньне ў межах праграмы "Разьвіцьцё грамадзянскае супольнасьці".

Госьця наведае Інстытут прыватызацыі і мэнэджмэнту, Фонд імя Льва Сапегі, Беларускі Гэльсынскі камітэт, радакцыю газэты "Свободные новости". У чацьвер спадарыня Летархаг накіруецца ў Гародню дзеля размовы з прадстаўнікамі грамадзкай арганізацыі "Ратуша".

XS
SM
MD
LG