Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 лютага 2000 г.


Алесь Мікалайчанка, Барысаў

У Барысаве гарадзкая міліцыя разгарнула барацьбу зь няпоўнагадовымі чытачамі й пазаштатнымі карэспандэнтамі апазыцыйных газэтаў "Маладзік" і "Афсайд", якія выдае мясцовая філія "Маладога Фронту".

Кіраўнік барысаўскае філіі "Маладога Фронту", ён жа заснавальнік газэтаў, Сяржук Салаш лічыць, што ўлады вырашылі зьнішчыць выданьні шляхам ціску на аўтарскі актыў і чытацкую грамаду зь ліку няпоўнагадовых юнакоў і дзяўчатак, якія вучацца ў тутэйшых школах, гімназіях і ліцэях. Выкарыстаньне міліцыянтамі такога спосабу спадар Салаш тлумачыць наступнай прычынаю:

(Салаш: ) "Нашыя газэты… – там няма да чаго прычапіцца, каб можна было нейкую справу завесьці ці зачыніць у нейкім парадку. Усё нармальна ў нас. Да такіх адкрытых абразаў чаму даходзіць? Мы паказваем тое, што робім, і людзі самі разьбяруцца, на чыім баку праўда".

Сяржук распавёў, як неяк на пачатку студзеня, калі яго не было ў штаб-кватэры, туды завітаў капітан міліцыі Рак. У той момант там сабраліся дзесяць няпоўнагадовых пазаштатных карэспандэнтаў "Маладзіка" і "Афсайду" ды абмяркоўвалі рэдакцыйныя пляны.

Карыстаючы шчырасьць юных аўтараў ды іхную праўную недасьведчанасьць, спадар Рак сканфіскаваў літаратуру, што была на паліцах офісу, перапісаў прозьвішчы прысутных, іхныя хатнія адрэсы й месцы навучаньня.

Яшчэ праз колькі дзён капітан пачаў абыходзіць школы, гімназіі, вучэльні, ліцэі ды праводзіць выхаваўчыя гутаркі, як тое робяць з парушальнікамі грамадзкага парадку зь ліку падлеткаў. Зразумела – у прысутнасьці адміністратараў навучальных установаў. Пасьля таго асобных аўтараў сталі выклікаць разам зь іхнымі бацькамі ў міліцэйскі пастарунак…

Распавядае адзін з гэткіх пакліканых студэнт Сяргей, які паводле вядомых прычынаў папрасіў мяне не называць ягонага прозьвішча:

(Студэнт: ) "Канешне, папярэджвалі, спрабавалі націснуць… Інспэктар Шабанаў казаў, што пры паступленьні ў Палітэхнічную Акадэмію можа не хапіць аднаго балу… Магу сапсаваць сабе кар'еру… Ну, а пасьля, калі я прыйшоў са сваімі бацькамі, ён тое ж самае казаў. Можа, з гэтага моманту буду крыху асьцярожней. Таму што казалі, што могуць сапсаваць справы на працы маім бацькам".

Такая ж гутарка на гэтым тыдні адбылася і з аднакурсьнікам Сяргея – Кірылам. Ягоная вінаватасьць перад капітанам Шабанавым толькі ў тым, што 16-гадовы юнак часта чытае "Афсайд" і "Маладзік". Як заявіў мне Сяржук Салаш, ён гатовы хоць сёньня падаць у суд на гэтых міліцыянтаў, калі на тое будзе згода падлеткаў ды іхных бацькоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG