Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 лютага 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Сёньня на самым буйным рэчавым кірмашы краіны – "Дынама" ў Менску – адбыўся сход прадпрымальнікаў, на якім прынятае рашэньне працягваць агульнанацыянальны страйк. Але лідэры страйкоўцаў не выключаюць, што заўтра ў сталіцы могуць выйсьці на працу да 10 адсоткаў гандляроў.

Лютаўскі мароз ня стаў перашкодаю для дзьвюх сотняў гандляроў, што сабраліся сёньня ўраніцу на сталічным стадыёне "Дынама". Настрой прадпрымальнікаў быў даволі рашучы. На маё пытаньне – "Ці шмат іхных калегаў вырашылі спыніць акцыю пратэсту?" – адказы былі наступнымі:

(Голас: ) "Я думаю – няшмат".

(Голас: ) "Пакуль нічога ня вырашылі, няма сэнсу працаваць".

(Голас: ) "Нашто стаяць заўтра-пасьлязаўтра працаваць, каб пасьля адабралі ўсё гэта".

Гэтыя гандляры гатовыя страйкаваць да таго часу, пакуль улады ня выканаюць усе іхныя патрабаваньні. Але ёсьць нямала й тых, хто гатоў выйсьці на працу, паверыўшы абяцаньням уладаў.

На думку лідэра Свабоднага прафэсійнага саюзу кірмашу "Дынама" Леаніда Каліцені, цяпер сярод менскіх прадпрымальнікаў прыкладна 20 адсоткаў выступаюць за працяг акцыі пратэсту. Каля 10 адсоткаў гандляроў, зьвязаных з афіцыйным прафэсійным саюзам "Садружнасьць", гатовыя заўтра спыніць страйк. Паводзіны ж астатніх 70 адсоткаў будуць залежаць ад таго, які з бакоў здолее пераканаць іх.

Страйкоўцы прынялі сёньня рашэньне правесьці заўтра на менскіх рынках тлумачальную працу сіламі актывістаў прафсаюзнае дружыны самаабароны. Вось што паведаміў нашаму радыё з гэтае нагоды Леанід Каліценя: "Мы вырашылі зарганізаваць групу людзей заўтра дзеля кантролю нявыхада на працу Аніякіх сілавых захадаў супраць штрэйкбрэхераў пакуль што не плянуем, але будзем тлумачыць тым, хто вагаецца, пра неабходнасьць іхнага ўдзелу ў акцыі пратэсту", – сказаў адзін зь лідэраў менскага страйкаму прадпрымальнікаў Леанід Каліценя.

Кіраўнікі Свабоднага прафэсійнага саюзу сьцьвярджаюць, што апошнімі днямі ўлады аказваюць моцны ціск на страйкоўцаў, каб прымусіць іх выйсьці на працу. Так, адміністрацыя менскага кірмашу "Ждановічы" заявіла прадпрымальнікам, што калі тыя не пачнуць працаваць у бліжэйшыя тры дні, дамова аб арэндзе іхных месцаў будзе скасаваная. А ў Магілеве й Берасьці па мясцовай тэлевізіі няспынна паведамляецца, што бальшыня сталічных кірмашоў працуе. Сёньняшні сход гандляроў на "Дынама" праходзіў пад пільным наглядам узмоцненага АМАПаўскага патруля, чаго раней ніколі не было.

Тым ня менш, сёньня амаль усе кірмашы Менску і яшчэ больш як 20 буйных гарадоў Беларусі не працавалі. Лідэры страйкоўцаў гавораць, што заўтрашні дзень будзе вырашальным для лёсу іхнай акцыі пратэсту.

Актывісты Свабоднага прафэсійнага саюзу спадзяюцца на перамогу, але нават калі страйк і будзе спынены, на іхную думку, вялікай трагедыі не адбудзецца. Паводле словаў спадара Каліцені, прафэсійны саюз распрацаваў доўгатэрміновую стратэгію барацьбы прадпрымальнікаў за свае правы.

XS
SM
MD
LG