Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 03 лютага 2000 г.


Кастусь Бандарук, Прага

Прэзыдэнт Аўстрыі Томас Клестыль паўстрымаўся з ухваленьнем кіруючай кааліцыі ў складзе нацыяналістычнай Партыі Свабоды і кансэрватыўнай Народнай Партыі. Прадстаўнік прэзыдэнцкай канцылярыі паведаміў, што пасьля сёньняшняй сустрэчы з лідэрамі абедзьвюх партыяў, Гайдэрам і Шусэлем, прэзыдэнт вырашыў падрабязьней вывучыць праграмы іхных партыяў. Гэтая адтэрміноўка на некаторы час супакоіла лідэраў Эўразьвязу, аднак асноўная праблема далёкая ад разьвязкі.

Праблема застаецца, паколькі крызыс у Аўстрыі турботны для Вэны, для ўсяго Эўразьвязу і для кандыдатаў на членства ў ім. Прэзыдэнт Аўстрыі Клестыль апынуўся ў тупіковай сытуацыі, а Эўразьвяз ня можа адклікаць сваіх словаў.

14 членаў Зьвязу далі Вэне зразумець, што ксэнафобскія погляды Гайдэра не адпавядаюць дэмакратычным стандартам супольнасьці. У заяве адзначалася, што далучэньне Партыі Свабоды Ёрга Гайдэра да кіруючай кааліцыі выкліча ізаляцыю Аўстрыі і дыпляматычныя санкцыі. Усьведамляючы такую небясьпеку, сёньня прэзыдэнт Клестыль паўторна сустрэўся зь лідэрамі абедзьвюх партыяў для азнаямленьня зь іхнай праграмай. Ён запатрабаваў, каб у якасьці прэамбулы да кааліцыйнай дамовы Гайдэр і Шусэль абяцалі падпарадакавацца ўнутраным правілам Эўразьвязу. На прэс-канфэрэнцыі ў Вэне лідэр Народнай Партыі Вольфганг Шусэль заявіў:

(Шусэль: ) "Мы толькі што выйшлі зь бюро фэдэральнага прэзыдэнта, якому ўчора мы афіцыйна прадставілі нашу праграму, а сёньня запрапанавалі пэрсанальны склад будучага кабінэту. Мы запэўнілі прэзыдэнта ў нашай прывязанасьці да Канстытуцыі і законаў Аўстрыі, а таксама да эўрапейскіх пагадненьняў. Наша праграма для краіны прадугледжвае больш свабоды, больш дынамізму, бясьпекі і салідарнасьці".

Зараз шмат хто застанаўляецца, што здарыцца, калі нацыяналісты сапраўды ўвойдуць у склад кіруючай кааліцыі. Згодна 51-му артыкулу Эўрапейскай дамовы, пазбаўленьне нейкай краіны членства ў Эўразьвязе магчымае толькі пры поўнай аднадумнасьці ўсіх астатніх сябраў. У выпадку працяглага парушэньня прынцыпаў Эўразьвязу, артыкул 7-ы гэтак званай "Амстэрдамскай дамовы" дапускае часовае прыпыненьне ўдзелу нейкай краіны ў працах Рады Міністраў. Асноўныя прынцыпы дамовы, гэта – дэмакратыя і выкананьне фундамэнтальных правоў чалавека.

На думку спэцыяліста ў эўрапейскім праве Крыстофа Вэдэра, сур'ёзным парушэньнем была б, напрыклад, дыскрымінацыя чужынцаў і адмаўленьне ім права палітычнага прытулку. На думку Вэдэра, нацыяналісты ва ўрадзе – гэта яшчэ не падстава для прыпыненьня членства ў Эўразьвязе, паколькі і Брусэль меў бы зьвязаныя рукі. Шэраг пастановаў аднагалосна прыймаюць усе 15-ць членаў. Гэта значыць, што бяз Аўстрыі дзейнасьць Эўразьвязу была б паралізаваная. У выніку адзін зь нямецкіх камэнтатараў заявіў, што нават у найгоршым выпадку могуць ускладніцца адносіны з усімі астатнімі сябрамі паасобку, але Вэна далей будзе поўнапраўным сябрам Эўразьвязу. "Аўстрыя можа стацца парыяй у Бэрліне, Лёндане, Парыжы або Рыме, але не ў Брусэлі," – лічыць нямецкі камэнтатар.

"Эўразьвяз займае аднолькавую пазыцыю ў такіх пытаньнях як абарона і зьнешняя палітыка, але хто дазволіў іншым урадам умешвацца ва ўнутраныя справы іншай краіны ў іншых пытаньнях," – выказаў зьдзіўленье аўстрыйскі камэнтатар Вэрнэр Бойтэльмайэр.

На думку некаторых аналітыкаў апошні крызыс у Аўстрыі паказаў, што Эўразьвяз у будучыні будзе больш патрабавальны ў дачыненньні да сваіх сябраў. Прызнаючы сувэрэнітэт кожнай з дзяржаваў Брусэль адначасова, ў некаторых выпадках, будзе выступаць у якасьці вярхоўнага аўтарытэту, ў прыватнасьці ў пытаньнях палітычнай этыкі. На думку Эміля Ройтлінгэра, "сябры Эўразьвязу ня змогуць прыймаць палітычныя рашэньні без кансультацыі з астатнімі сябрамі".

На думку польскай урадавай газэты "Rzecz Pospolita", рэакцыя 14-ці астатніх сябраў Эўразьвязу паказвае, што ў арганізацыі і раней існавала няпісанае правіла палітычнай карэктнасьці.

Аўстрыйскія камэнтатары адзначаюць, што сапраўдныя настроі ва ўсім грамадзтве цяжка ацаніць, але 27% прыхільнікаў Гайдэра і ягонай Партыі Свабоды – гэта сур'ёзная сіла. Акрамя таго, тысячы тых, хто дагэтуль ня быў прыхільнікам Гайдэра, могуць успрыняць пазыцыю Эўразьвязу як атаку на сваю краіну. Некаторыя аўстрыйскія аналітыкі лічаць, што дрэнным выйсьцем былі б і новыя выбары, паколькі ў іх выніку Партыя Свабоды магла б аказацца наймацнейшай партыяй у краіне.

Пацьвярджае гэты страх і ўчарашняе апытаньне, згодна якому, калі б такія выбары адбыліся, нацыяналістычная партыя Гайдэра набрала б не 27, але 33% галасоў.

XS
SM
MD
LG