Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 03 лютага 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Зь сёньняшняга дня ў Беларусі распачала дзейнасьць "Балтыйская марская асацыяцыя". Ва ўрадзе краіны яна атрымала ліцэнзію на працаўладкаваньне нашых суайчыньнікаў на флоце.

Паводле зьвестак аднаго зь лідэраў новай арганізацыі Віталя Ніканава, марскія прафэсіі на сёньняшні дзень маюць каля 10 тысяч беларусаў. Пераважная бальшыня зь іх трапіла на флот пад час існаваньня СССР. У прыватнасьці, сам Віталь Ніканаў стаў штурманам далёкага плаваньня.

Аднак распад Савецкага Саюзу спрычыніўся да шматлікіх праблемаў беларускіх маракоў. Постсавецкія краіны, якія маюць выхад да мора, многіх зь іх сьпісалі на бераг. Не паклапацілася пра іх і Бацькаўшчына. Ужо ня адзін год ва ўладных структурах абмяркоўваюць праекты стварэньня нацыянальных флатоў – гандлёвага й рыбалоўнага.

Але, як цяпер высьвятляецца, гэтыя праекты ажыцьцяўляюцца надзвычай марудна. Віталь Ніканаў паведаміў журналістам, што яму вядома пра будаўніцтва ў Гомлі першага судна тыпу "рака-мора" беларускага гандлёвага флоту.

Яшчэ адзін лідэр новай арганізацыі – старэйшы мэханік Юры Русанаў – лічыць, што стварыць такі флот можна было б, купіўшы Латвійскае марское параходзтва. Яно зараз прадаецца за 82 мільёны даляраў. Сума для дзяржавы ня такая ўжо і вялікая. На жаль, такі праект ва ўладных структурах сёньня нават не разглядаецца.

А пакуль няма нацыянальных флатоў, беларускія маракі мусяць клапаціцца пра сябе самі. "Балтыйская марская асацыяцыя" якраз і была заснаваная, каб дапамагчы ім. Вырашана, што асацыяцыя будзе абапірацца найперш на беларусаў, якія яшчэ засталіся на моры.

Віталь Ніканаў паведаміў, што на сёньняшні дзень больш як дзясятак ураджэнцаў Беларусі плаваюць капітанамі марскіх суднаў. Ня менш важная пасада на моры – старэйшы мэханік.

"Капітаны і старэйшыя механікі – гэта людзі, якія ўплываюць на палітыку фармаваньня экіпажаў. Яны, спадзяемся, акажуць падтрымку землякам. Тым болей, што беларусаў на моры вельмі паважаюць. За дабрасумленнае выкананьне абавязкаў. Шмат хто зь іх вызначаецца таксама выдатным веданьнем ангельскае мовы. Усё гэта вельмі важна з пункту гледжаньня вострай канкурэнцыі сярод мараходаў. Попыт на беларусаў у асноўным сярод "падфлажных" кампаніяў – ліберыйскіх, панамскіх, нарвэскіх, дацкіх. Інакш кажучы, на суднах замежных суднаўладальнікаў. Я, скажам, працаваў у амэрыканскай кампаніі", – паведаміў Віталь Ніканаў.

Паводле словаў беларускіх маракоў, найбольш складана нашым суайчыньнікам уладкавацца сёньня, як ня дзіўна, у Расеі. З аднаго боку, гэта тлумачыцца глыбокім заняпадам расейскага флоту. З другога, як паведаміў Віталь Ніканаў, расейскія капітаны да апошняга часу мелі на гэты конт ведамасную дырэктыву. Яна прадпісвала ня браць на працу беларусаў. Паколькі, маўляў, беларусы адбіраюць марскі хлеб у маракоў Расеі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG