Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 03 лютага 2000 г.


Алена Радкевіч, Прага

Старшыня Нацбанку Пётар Пракаповіч абвесьціў учора, што да 2005 году нацыянальнай грашовай адзінкай Беларусі стане расейскі рубель. Беларусь накіравала ў Маскву свой варыянт прапановаў пераходу на адзіныя грошы.

Масква, як вядома, жорстка настойвае на адзіным эмісійным цэнтры і аднамамэнтным пераходзе на расейскі рубель.

Менск па-ранейшым выступае за два эмісійныя цэнтры, прычым хацеў бы, каб паступовае выцясьненьне беларускіх грошай расейскімі пачалося ўжо сёлета – і завершылася на працягу пяці гадоў.

З просьбай пракамэнтаваць гэтыя ініцыятывы афіцыйнага Менску Алена Радкевіч зьвярнулася да галоўнага валютнага дылера маскоўскага банку "Дыялёг-Оптым" Андрэя Лісьцева.

(Лісьцеў: ) "Апошнія палітычныя падзеі ў Расеі кажуць аб тым, што ва ўладзе назапашваецца ўсё больш прагматыкаў. Гэта датычыць і Дзярждумы, і Цэнтрабанку, і Прзыдэнцкай адміністрацыі, і Ўраду. Новыя маладыя людзі займаюць больш прагматычную пазыцыю, чым іхныя папярэднікі. Значыць, верагоднасьць таго, што расейскае кіраўніцтва пагодзіцца на два эмісійныя цэнтры, імкнецца да нуля. Мне здаецца, што з цягам часу Беларусь пагодзіцца на адзіны эмісійны цэнтар у Маскве. Альбо аб'яднаньня ня будзе зусім.

Няма такіх прыкладаў, каб была адзіная грашовая сыстэма і два эмісійныя цэнтры, каб нехта незалежны эмітаваў грошы. Размова можа ісьці аб бюджэтнай незалежнасьці, але не грашовай.

Натуральна, што цалкам незалежнай грашовай палітыкі Беларусь праводзіць ня зможа – гэта адназначна".

(Радкевіч: ) "У выпадку ўвядзеньня адзінай валюты пры адзіным эмісійным цэнтры – Беларусі папросту будзе выдзяляцца пэўная сума на яе бюджэтныя патрэбы?"

(Лісьцеў: ) "Так. Гэта цалкам магчыма".

(Радкевіч: ) "А як вы пракамэнтавалі б дапушчэньне старшыні Нацбанку Пракаповіча аб тым, што ўжо сёлета можа пачацца пераход Беларусі на расейскія рублі?"

(Лісьцеў: ) "Што да ўвядзеньня ўжо сёлета на Беларусі расейскага рубля, то гэта выглядае сумніўна, бо гэта вельмі грувасткая працэдура, і такі працэс плянуецца і зьдзяйсьняецца гадамі. Я думаю, сёлета гэта нерэальна – і ня толькі з пункту погляду Беларусі, але й Расеі, якая таксама мае шмат праблемаў – тэхнічных перадусім – каб наважыцца на такі крок."

(Радкевіч: ) "А што гэта можа азначаць для расейскай эканомікі – тое, што яна за кошт расейскіх грошай будзе фінансаваць яшчэ і Беларусь?"

(Лісьцеў: ) "Гэта будзе залежаць ад абменнага курсу. Калі курс абмену беларускага рубля на расейскі будзе завышаным – расейская эканоміка адназначна пацерпіць. Калі курс будзе рынкавым, альбо наадварот – нават заніжаным –то Расея ад гэтага выйграе, і Беларусь у тым ліку."

(Радкевіч: ) "Але многія эканамісты выказваюць думку, што Беларусь і Расея маюць занадта розны ўзровень разьвіцьця эканомікі для таго, каб яны маглі функцыянаваць на адзіных грошах?"

(Лісьцеў: ) "Менавіта таму я ня веру, што сёлета адбудзецца ўвядзеньне адзінай грашовай сыстэмы. Таму што беларускія прадпрыемствы ў асноўным знаходзяцца пад дзяржаўным пратэктаратам – і калі яны апынуцца на адзіным канкурэнтным полі з расейскімі прадпрыемствамі – яны ад пачатку апынуцца ў няроўных умовах. Яны будуць прайграваць у канкурэнцыі. І для іх гэта будзе цяжка менавіта таму, што эканомікі розныя. Калі расейскія прадпрыемствы ўжо навучыліся працаваць у рынку, беларускія гэтага рабіць ня могуць."

(Радкевіч: ) "То бо, на вашую думку, пакуль беларуская эканоміка не дацягнецца да ўзроўню расейскай, казаць пра пераход на адзіную грашовую адзінку ня мае нават сэнсу?"

(Лісьцеў: ) "Так. Верагоднасьць дэградацыі расейскай эканомікі ў бок дзяржаўна-адміністрацыйнай мала верагодная. А беларускае кіраўніцтва рана ці позна вымушанае будзе весьці рэальную палітыку, вырашаць рэальныя пытаньні, якія перад ім стаяць, а гэта можна зрабіць толькі рынкавымі мэханізмамі. Усе адміністрацыйныя меры толькі адкладаюць рашэньне".

XS
SM
MD
LG