Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 03 лютага 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Як "часова складаную" ацаніў сёньня сытуацыю з адкрытасьцю працэсу над экс-прэм'ерам Міхалам Чыгіром старшыня Вярхоўнага суду Валянцін Сукала. Ён параіў сваякам абвінавачванага, журналістам, а таксама дыпляматам па чарзе наведваць працэс, а просьбы пра большае памяшканьне адхіліў, заявіўшы, што суд – гэта, маўляў, не тэатар.

Сёньня пад час прэсавае канфэрэнцыі старшыні Вярхоўнага суду Беларусі Валянціну Сукалу давялося адказваць на шматлікія пытаньні, зьвязаныя з гучнымі працэсамі над дзеячамі апазыцыі.

У першую чаргу абмяркоўваўся суд над былым прэм'ерам Міхалам Чыгіром. Журналісты абурыліся тым, што на гэты працэс, абвешчаны адкрытым, яны фактычна ня могуць патрапіць, бо слуханьні праводзяцца ў маленькім памяшканьні.

Валянцін Сукала прызнаў папрокі абгрунтаванымі, але запэўніў што "сытуацыя хутка выправіцца ў лепшы бок". Якім чынам? Сукала ўпэўнены, што старшыня суду зробіць неабходныя захады, каб навесьці парадак. У тым ліку разьбярэцца, ці сапраўды частку месцаў у зале адмыслова займаюць пераапранутыя супрацоўнікі спэцслужбаў, як сьцьвярджаюць журналісты.

"Ажыятаж вакол працэсу хутка спадзе сам па сабе", – гэтую выснову Валянцін Сукала зрабіў, спасылаючыся на іншыя гучныя працэсы, якія, паводле ягоных словаў, праходзілі ў напаўпустых залях.

Абвінавачваньне ў тым, што працэс над Міхалам Чыгіром стаў фактычна закрытым, старшыня Вярхоўнага суду адверг. Аказваецца, ўся праблема ў розных падыходах да адкрытасьці з боку судзьдзяў і журналістаў: "…Мы па-рознаму разумеем адкрытасьць. Мы, дакладней я, лічу, што калі ёсьць некалькі чалавек у зале, гэта ўжо адкрыты працэс. Вы ж разумееце адкрытасьць у прысутнасьці дзьвюх тысячаў чалавек, але ў кінатэатрах і на стадыёнах мы не будзем праводзіць судовыя працэсы, таму што ўсё, што робіцца, робіцца дзеля суду, а ня дзеля гледача, суд гэта не тэатралізаваная імпрэза", – заявіў Валянцін Сукала.

Ён таксама параіў выкарыстоўваць стары савецкі мэтад: "…Трэба неяк вызначыцца, можа, ня ўсе прадстаўнікі адразу могуць патрапіць на гэты працэс, можа, па чарзе туды прыходзіць", – гэта старшыня Вярхоўнага суду прапанаваў прыхільнікам Міхала Чыгіра.

Нагадаю, што прадастаўленьня большай залі абвінавачваны і ягоныя адвакаты папрасілі ўжо на першым паседжаньні суду, калі шмат людзей, у тым ліку дыпляматы, вымушаныя былі стаяць. Абаронца Юлія Чыгір патлумачыла просьбу тым фактам, што Аляксандар Лукашэнка на ўсю краіну абвесьціў экс-прэм'ера злачынцам. Таму, заявіла Чыгір, "і працэс павінен асьвятляцца максімальна шырока, каб людзі мелі магчымасьць самі ва ўсім разабрацца".

Але замест большага памяшканьня ўзмацнілася ахова будынку суду, а вольных месцаў у зале нават паменела. Такім было становішча да абвешчанага на працэсе перапынку. Застаецца чакаць, як зьменіцца сытуацыя пасьля публічных абяцаньняў Валянціна Сукалы паспрыяць большай адкрытасьці працэсу.

Калі слуханьні адновяцца, пакуль невядома. Адвакатка й жонка экс-прэм'ера Юлія Чыгір дагэтуль хварэе – у яе грып. Тым часам стала вядома, што судзьдзя Аляксандар Васілевіч адмовіў Міхалу Чыгіру ў ягонай просьбе, скарыстаўшыся паўзаю ў працэсе, зьезьдзіць па прыватных справах у Маскву. Чыгір абяцаў у вызначаны час прыехаць на слуханьні, але судзьдзя палічыў, што абвінавачванаму лепш заставацца ў Менску.

XS
SM
MD
LG