Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 03 лютага 2000 г.


Любоў Лунёва, Менск

Цэнтральны суд Менску вынес сёньня папярэджанні затрыманым ўдзельнікам несанкцыянаванага пікету ля расейскай амбасады, якія патрабавалі спыніць вайну ў Чачні.

Сёньня судзьдзя Анатоль Барысёнак вынес папярэджаньні затрыманым удзельнікам пікету, якія намагаліся перадаць заяву расейскаму амбасадару, патрабуючы, каб Расея спыніла вайну ў Чачні. Усяго затрымалі пяцёра пікетоўцаў: студэнтаў Зьміцера Юркевіча, Стася Пачобута, Паўла Манькоўскага, Зьміцера Дулько й непаўнагадовага вучня адзінаццатае клясы сярэдняе школы Фёдара Жывалеўскага.

Пасьля складаньня пратаколаў паводле артыкулу 167 Адміністрацыйнага кодэксу (парушэньні пад час правядзеньня масавых акцыяў) студэнтаў з Цэнтральнага РАУСу адвезьлі ў апорны пункт міліцыі, дзе знаходзіўся судзьдзя Анатоль Барысёнак.

Станіслаў Пачобут, студэнт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, у судзе патлумачыў, што пайшоў да расейскай амбасады, толькі каб перадаць заяву, таму што ня згодны з тым, што адбываецца ў Чачні. Сьведка з боку міліцыі, намесьнік начальніка аддзелу грамадзкае бясьпекі Барсукоў паведаміў, што, паколькі нехта з удзельнікаў шэсьця трымаў плякат з надпісам "Мір", гэтая акцыя ёсьць ні што іншае як парушэньне грамадзкага парадку. Але, відаць, судзьдзя не пагадзіўся з гэтым і абмежаваўся папярэджаньнем. Такія ж прысуды атрымалі й студэнты Павал Манькоўскі й Зьміцер Дулько.

У Зьміцера Дулько ў Цэнтральным РАУСе супрацоўнікі міліцыі згубілі пашпарт. Ён паведаміў нашаму радыё:

(Дулько: ) "Аднаго з удзельнікаў , які нес транспаранты, узялі ля станцыі мэтро і пасадзілі ў машыну, а нас проста запрасілі ў машыну бо мы проста стаялі і не адыходзілі. Спачатку як сьведкаў, а пасьля склалі пратаколы па факце ўдзелу ў несанкцыянаваным шэсьці".

(Карсэпандэнт: ) "Як здарылася, што згубіўся ваш пашпарт?"

(Дулько: ) "Я ня ведаю. Нейкі супрацрўнік міліцыі пасьля перазьменкі забыў яго ў кабінэце, ці што… Пасьля суду высьветлілася, што няма пашпарту. Абяцалі пашукаць".

У дачыненьні да Зьміцера Юркевіча судзьдзя Анатоль Барысёнак абмежаваўся пастановаю, згодна зь якою пратакол мусіць быць вернуты ў РАУС, каб міліцыянты дакладна яго аформілі. Бо, згодна з пратаколам, Зьміцер Юркевіч абвінавачваецца ці то ў арганізацыі пікету, ці то ў паўторным парушэньні грамадзкага парадку. Пакуль ня будуць высьвятленыя гэтыя абставіны, справа ня будзе разглядацца.

Адміністрацыйны пратакол на школьніка Фёдара Жывалеўскага будзе скіраваны ў выканаўчы камітэт Маскоўскага раёну ў камісію ў справах непаўнагадовых, якая і вызначыць пакараньне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG