Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 03 лютага 2000 г.


Ягор Маёрчык, Менск

Сёньня сябры Беларускага камітэту супраць вайны ў Чачэнскай Рэспубліцы пікетавалі амбасаду Расеі. Паўгадзінны несанкцыянаваны пікет скончыўся затрыманьнем 5 удзельнікаў акцыі. Увечары ў судзе Цэнтральнага раёну Менску пачалі разглядацца адмінстрацыйныя справы затрыманых.

Мокры сьнег і вецер – ня лепшае надвор'е для таго, каб праводзіць несанкцыянаваны тэатралізаваны вулічны пэрфоманс. Тым ня менш, каля 20-ці чалавек прыйшлі сёньня да расейскае абасады.

"Мы выказваем свой пратэст супраць нечалавечае палітыкі Расеі на Паўночным Каўказе, – гаворыцца ў адрасаванае амбасадзе заяве пікетоўцаў. – Калі сёньня безьлітасна зьнішчаюцца людзі толькі за тое, што яны чачэнцы, дзе гарантыя што заўтра не пачнуць забіваць якую-небудзь іншую недабранадзейную частку насельніцтва Расеі?"

Пікет у форме тэатралізаванага пэрфомансу выглядаў даволі эксцэнтрычна. Маладыя людзі, апранутыя ў вайсковую форму, зь перавязанымі галовамі й сьлядамі крыві моўчкі стаялі насупраць будынку амбасады. Пікетоўцы трымалі ў руках цацачную зброю. Плякатаў не было, толькі белая прасьціна з карыкатурнай выяваю Ўладзімера Пуціна зь німбам.

Сэнс акцыі тлумачыць адзін з удзельнікаў:

(Пікетовец: ) "Мы яго ладзім для таго, каб прыцягнуць увагу беларускага грамадзтва да праблемаў Чачэніі, у якой зараз папросту адбываецца генацыд чачэнскага народу. Мы хочам таксама паказаць сваю падтрымку чачэнскаму народу".

Супрацоўнікі амбасады прымаць пэтыцыю адмовіліся. Маўляў, няма адпаведных паўнамоцтваў. Параілі даслаць пэтыцыю поштаю. Як сказаў адзін з удзельнікаў акціі Лёлік Ушкін, іх гэта не зьдзівіла:

(Ушкін: ) "Я думаю, што гэта проста пазыцыя расейскай амбасады, якая закрывае вочы на падзеі ў Чачэніі".

Арганізатары пікету ўзялі за ўзор антываенныя кампаніі, якія праводзіліся амэрыканскімі ды эўрапейскімі студэнтамі. Спадар Ушкін зазначыў, што акцыі ў сямідзясятых гадох распачалі шырокі студэнцкі рух у краінах Эўропы.

Затрымалі ўдзельнікаў пікету ля станцыі мэтро Няміга. Маёр Аляксандар Барсукоў запатрабаваў паказаць дакумэнты. Чатырох хлопцаў – Зьміцера Юркевіча, Стаса Пачобута, Паўла Манькоўскага й Зьміцера Дулько, якія ня мелі пашпартоў, міліцыянт папрасіў зьезьдзіць у Цэнтральны РАУС дзеля высьвятленьня асобаў. Маёр Барсукоў абяцаў прывезьці хлопцаў назад, да станцыі мэтро…

Аднак у Цэнтральным РАУСе міліцыянты заявілі, што хлопцаў затрымалі як удзельнікаў несанкцыяванай акцыі, і што пазьней над імі адбудуцца суды.

XS
SM
MD
LG