Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 03 лютага 2000 г.


Алег Супрунюк, Берасьце

У Берасьці, нягледзячы на жорсткія папярэджаньні з боку ўладаў, прадпрымальнікі працягваюць страйкаваць трэйці дзень…

Адказныя чыноўнікі з выканкаму, адміністрацыяў рынкаў, а таксама з кіраўніцтва гарадзкога саюзу прадпрымальнікаў "Садружнасьць" не пакідаюць надзеі пераканаць гандляроў спыніць абвешчаную акцыю пратэсту. Па некалькі разоў на дзень на розных рынках места адбываюцца сустрэчы прадпрымальнікаў з прадстаўнікамі ўладаў.

У часе адной з такіх сустрэчаў намесьнік старшыні аблвыканкаму Ўладзімер Сьцяпанаў фактычна выставіў гандлярам ультыматум. Сябрам ініцыятыўнай групы, якая кардынуе дзеяньні працаўнікоў дробнага бізнэсу, Сьцяпанаў заявіў, што аддадзены загад не ўжываць санкцыяў супраць тых гандляроў, якія сплоцяць фіксаваны падатак за люты да бліжэйшай пятніцы і пачнуць працу. Калі ж да 4 лютага падатак ня будзе сплочаны – улады забароняць прадпрымальнікам гандляваць на працягу ўсяго месяцу.

Такім чынам, пасьля марных спробаў запэўніць прадпрымальнікаў, што ў самы бліжэйшы час іхныя патрабаваньні будуць разгледжаныя і прынятыя адпаведныя пастановы, а менавіта на такіх умовах гандляры пагаджаліся аднавіць свакю працу, берасьцейскія ўлады цяпер прымушаюць чаўнакоў яшчэ да прыняцьця якіх бы там ні было дакумэнтаў, разьлічыцца зь бюджэтам і заняць свае месцы ў гандлёвых шэрагах. Натуральна, што ў гэтым выпадку страйк быў бы спынены перад тым, што ягоныя мэты былі б дасягнутымі.

Але берасьцейскія гандляры пакуль што вытрымліваюць ціск з боку чыноўнікаў ад мясцовае вэртыкалі. Паводле Леаніда Шылы – аднаго зь кіраўнікоў ініцыятыўнай групы, яшчэ ніколі дзеяньні людзей, што гандлююць на кірмашах места, не былі такімі арганізаванымі. Нават у леташнім верасьні, калі ў Берасьці таксама быў абвешчаны страйк прадпрымальнікаў.

Цяпер да страйку далучыліся гандляры аўтамабільнага кірмашу і кірмашу ў буйным мікрараёне "Кавалёва", якія ніколі раней не далучаліся да акцыяў пратэсту сваіх калегаў. Дарэчы, адносіны берасьцейцаў да кірмашу ў "Кавалёва" даволі своеасаблівыя, бо там гандлююць, пераважна, грамадзяне Ўкраіны. Дагэтуль лічылася, што замежныя гандляры карыстаюцца пэўнымі ільготамі і таму не падтрымоўваюць стайку. Але цяпер высьветлілася, што статус замежных грамадзянаў не пазбаўляе іх ад санкцыяў, якія прадугледжаныя за продаж тавараў без адрыўных талёнаў. Штраф за гэтае парушэньне складае ад 20 да 50 мінімальных заробкаў. Паколькі патрабаваньні скасаваньня гэтых талёнаў узьнятае ўсімі прадпрымальнікамі – гандляры кавалёўскага кірмашу таксама страйкуюць.

Леанід Шыла лічыць, што сапраўдным выпрабаваньнем для прадпрымальнікаў будуць бліжэйшыя выхадныя. Калі яны здолеюць пратрымацца ў гэтыя дні і ня выйдуць на працу – улады будуць проста абавязаныя пачаць разгляд тых патрабаваньняў, якія выставілі працаўнікі дробнага бізнэсу. Пакуль у спадара Шылы ёсьць упэўненасьць, што ягоныя калегі будуць страйкаваць да тае пары, пакуль гэтая акцыя пратэсту ня спыніцца ў іншых буйных местах Беларусі.

XS
SM
MD
LG