Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 03 лютага 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

У Беларусі працягваецца агульнанацыянальны страйк прадпрымальнікаў. Нягледзячы на сьцьвярджэньні ўладаў, што дробныя гандляры спыняць страйк ужо ў гэтую суботу, бальшыня прадпрымальнікаў, асабліва ў рэгіёнах, маюць намер працягваць акцыю.

Вось ужо трэці дзень спыненая праца на кірмашох амаль усіх буйных гарадоў краіны. У Менску сёньня не працаваў кірмаш на стадыёне "Дынама", кірмашы "Чэрвеньскі", "Заходні", "Уручча", шмат якія дробныя кірмашы. На кірмашы "Ждановічы", дзе ў звычайныя дні працуюць каля 3 тысячаў гандляроў, сёньня можна было бачыць толькі пяцёх пэнсіянэраў, якія без ліцэнзіяў прадавалі старыя рэчы.

Страйкуюць прадпрымальнікі Віцебску, Магілёву, Гомлю, Гародні, Берасьця, Пінску, Ваўкавыску, Мастоў, Баранавічаў, Ліды, Кобрыня, Івацэвічаў, Дзяржынску, Чэрвеня, Салігорску, Маладэчна, Мар'інай Горкі, Барысава й Воршы. Прычым, у многіх з гэтых гарадоў у страйку ўдзельнічаюць і тыя, хто гандлюе харчовымі таварамі на калгасных кірмашох.

Прадстаўнікі страйкавага камітэту лічаць, што найбольш складаная сытуацыя на двух буйнейшых кірмашох Менску – "Дынама" й "Ждановічы". Актывісты Свабоднага прафэсійнага саюзу сьцьвярджаюць, што некаторыя прадпрымальнікі з гэтых кірмашоў аказаліся ўведзенымі ў зман абяцаньнямі ўладаў вырашыць іхныя праблемы, і гатовыя прыступіць да працы ўжо ў суботу.

Паводле словаў кіраўніка Свабоднага прафэсійнага саюзу рынку "Дынама" Леаніда Каліцені, незалежныя прафсаюзныя структуры на гэтых кірмашох створаныя зусім нядаўна, і ягоныя калегі пакуль ня здолелі пераканаць кожнага гандляра працягваць страйк.

Спадар Каліценя кажа, што актывістам-страйкоўцам супрацьстаяць адміністрацыі кірмашоў, прадстаўнікі праўрадавага прафэсійнага саюзу "Садружнасьць" і дзяржаўныя СМІ. Аднак, на ягоную думку, шанцы на тое, каб усе сталічныя прадпрымальнікі працягвалі страйк, усё ж ёсьць.

Заўтра на буйных менскіх кірмашох адбудуцца агульныя сходы прадпрымальнікаў, якія павінны вырашыць, ці працягваць страйкаваць. Сябры Свабоднага прафэсійнага саюзу паспрабуюць пераканаць сваіх калегаў у неабходнасьці працягваць акцыю.

У многіх рэгіёнах сытуацыя іншая. Напрыклад, у Гомлю ўчора сход прадпрымальнікаў прыняў рашэньне працягваць страйк яшчэ як мінімум два тыдні. У часе акцыі ў шэрагу рэгіёнаў прадпрымальнікі стварылі новыя суполкі Свабоднага прафсаюзу, а ў Маладэчне гандляры маюць намер масава выйсьці з афіцыйнага прафэсійнага саюзу "Садружнасьць".

Тым часам улады ўпарта не жадаюць ісьці на дыялёг са страйкоўцамі. Выступаючы ўчора ў эфіры БТ, намесьнік міністра прадпрымальніцтва Анатоль Скорбеж заявіў, што ягонае ведамства будзе вырашаць праблемы дробных бізнэсмэнаў толькі з афіцыйна зарэгістраваным прафэсійным саюзам, а не зь нейкімі там страйкамамі.

Лідэр страйкоўцаў Валеры Леванеўскі называе такія паводзіны ўладаў недальнабачнымі. Яны здольныя прывесьці толькі да павелічэньня шэрагаў сябраў Свабоднага прафэсійнага саюзу.

XS
SM
MD
LG