Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 02 лютага 2000 г.


Алена Ціхановіч, Прага

Інстытут імя Зыгмунда Фройда ў Нямеччыне сьведчыць, што на пераломе тысячагодзьдзяў значна мяняецца стыль сацыяльных паводзінаў людзей. Так, самі немцы адзначаюць новыя рысы ў сваім нацыянальным характары. Уваходзячы ў новую эру, немцы адчуваць у сабе больш каханьня, клапатлівасьці і эмацыйнасьці.

Гэта высновы дасьледаваньня, праведзенага Інстытутам Зыгмунда Фройда, які займаецца праблемамі псыхааналізу і яго практычным прымяненьнем. Інстытут зьяўляецца дзяржаўнай установай гораду Гесэн. Вучоныя правялі параўнаньні з вынікамі свайго дасьледаваньня 94-га году і адзначылі, што людзі зараз ня так засяроджаныя на мэце самарэалізацыі, як раней. Зараз больш цэніцца магчымасьць падзяліць жыцьцёвыя перажываньні зь іншымі, скарыстаць выгады сацыяльнай адкрытасьці. Асабліва заўважна, што ў сваіх кантактах людзі цэняць іх працягласьць і трываласьць.

Тэндэнцыя 70-80-х гадоў, калі на першым месцы быў эгаізм ці індывідуалізм, цяпер зьмяняецца большай сацыяльнай адкрытасьцю. Гэта, як адзначае дырэктар Інстытуту Эберхард Рыхтэр, найбольш значны пералом грамадзкіх паводзінаў, зафіксаваны з часу заснаваньня навуковай установы на пачатку 60-х гадоў. У 70-я гады, як згадвае дасьледчык, людзі імкнуліся далей ад кампаніяў, каб мець магчымасьць сканцэнтравацца на ўнутраных пошуках, імкнуліся трымаць дыстанцыю, не заўсёды і не з усімі ідучы на шчыльныя пэрсанальныя кантакты.

Дасьледаваньне Інстытуту Зыгмунда Фройда адзначае ячшэ адну адметную дэталь нямецкага характару – гэта надзвычайная павага да праўды. У прыватнасьці, апошні палітычны сканадал вакол фінансаваньня партыі былога канцлера, толькі пацьвярджае, наколькі больш чульлівым стала грамадзтва ў маральных пытаньнях.

Раней сацыёлягі, і ў прыватнасьці амэрыканец Рычард Сэнет, аўтар кнігі "Чалавек рухомы", прадказвалі дробнае падзяленьне грамадзства, якое такім чынам будзе бараніцца ад ціску эканамічных фактараў. Аднак зараз, як сьведчаць нямецкія сацыёлягі, людзі усё далей аддаляюцца ад ўзору грамадзтва, прынцыпам якога было – "чалавек чалавеку воўк". Прычым усходнія немцы да таго ж адзначаюць і рост упэўненасьці ў сабе. Агульнанацыянальны немецкі фэномэн – гэта таксама тое, што людзі адчуваюць у сабе больш сілы супрацьстаяць ціску зьнешніх жыцьцёвых абставінаў.

І тым ня менш, цяперашняе пакаленьне немцаў лічыць, што жыцьцё наступнай гэнэрацыі будзе больш складаным. Вучоныя ж спадзяюцца, што нягледзячы на ўсе перамены, немцы і надалей захаваюць тры свае галоўныя рысы – любоў да парадку, надзейнасьць і ўменьне нястомна працаваць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG