Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 02 лютага 2000 г.


Сяргей Навумчык, Прага

Падчас сёньняшняе сустрэчы Дзяржаўнага сакратара ЗША Мадлен Олбрайт з выконваючым абавязкі расейскага прэзыдэнта Ўладзімерам Пуціным кіраўнічка амэрыканскага зьнешнепалітычнага ведамства ўзьняла і пытаньне доступу акрэдытаваных у Расеі журналістаў да інфармацыі пра рэальнае становішча ў Чачні.

Спачатку – апошнія зьвесткі з раёну баявых дзеяньняў.

Чачэнскія паўстанцы заявілі, што яны пакідаюць горад Грозны і пераносяць асноўныя баявыя дзеяньні ў горную мясцовасьць і сельскія раёны. Расейскія фэдэральныя войскі, імкнучыся захапіць чачэнцаў, выкарыстоўваюць авіяцыю і артылерыю.

"New York Times" цытуе міністара абароны Расеі Ігара Сяргеева, які перакананы, што сытуацыя 96-га году, калі чачэнцы пакінулі Грозны, а потым вярнуліся назад, не паўторыцца.

Паводле зьвестак, некаторыя палявыя камандзёры былі забітыя пад час выхаду з Грознага. Паведамлялася, што Шаміль Басаеў згубіў нагу, аднак чачэнскі бок сьцьвярджае, што ён толькі паранены. Праўда, чачэнцы паведамілі пра тое, што забітыя іншыя камандзёры – Асланбек Ізмаілаў, Ханкар-Паша Ізрапілаў і Леча Дудаеў, пляменьнік Джахара Дудаева. Але афіцыйныя прадстаўнікі расейскага боку не выключаюць, што гэтыя зьвесткі – дэзынфармацыя, мэта якой – адцягнуць увагу маскоўскіх спэцслужбаў ад вышэйпрыгаданых палявых камандзёраў.

Намаганьні чачэнцаў прарваць блякаду Грознага распачынаюць новы этап чачэнскай вайны. Выхад тысячаў чачэнскіх паўстанцаў з Грознага дазволіць расейцам ўзьняць сьцяг над горадам і заявіць хаця б пра сымбалічную перамогу. Афіцыйныя асобы не рабілі сакрэту з таго, што імкнуцца захапіць Грозны да 26-га сакавіка – дня прэзыдэнцкіх выбараў. І тым самым паспрыяць перамозе Ўладзімера Пуціна. Але, з другога боку, выхад паўстанцаў з горада і іх дыслякацыя па ўсёй горнай тэрыторыі рэспублікі можа істотна парушыць стратэгію расейскіх войскаў – у чачэнцаў зьявяцца новыя магчымасьці працягваць супраціў.

Тым часам, па-ранейшым вострай застаецца праблема доступу да аб'ектыўнай інфармацыі пра падзеі ў Чачні.

Сяргей Ястржэмбскі заявіў пра намеры ўладаў зрабіць гэты доступ больш лёгкім. Мяркуецца, што будуць надрукваныя імёны ўсіх вайскоўцаў фэдэральных сілаў, якія загінулі пад час чачэнскага канфлікту. Менавіта таямніца адносна сапраўднай колькасьці ахвяраў была і застаецца галоўнай прычынаю крытыкі ваеннага ведамства з боку расейскіх грамадзкіх арганізацыяў, у прыватнасьці, Камітэтам салдацкіх мацярок.

Аднак карэспандэнт радыё "Свабода" Сафі Ламбрашыні паведамляе з Масквы, што, паводле журналістаў і незалежных экспэртаў, падобныя заявы – ня больш як спроба заспакоіць грамадзтва. Насамрэч, лічаць яна, урад наўрад ці зробіць больш даступнай інфармацыю пра рэальную сытуацыю ў Чачні, і зьменіць варожае стаўленьне да журналістаў, якія імкнуцца здабыць аб'ектыўную інфармацыю.

Сваеасаблівым індыкатарам праўдзівасьці ўладаў можа быць сытуацыя вакол карэспандэнта "Свабоды" Андрэя Бабіцкага, які ў мінулым месяцы быў затрыманы ў Чачні расейскімі праваахоўчымі ворганамі.

На працягу двух тыдняў прадстаўнікі ўладаў адмаўлялі, што ім што-небудзь вядома пра лёс Бабіцкага. Скандал вакол затрыманьня журналіста, якому інкрымінуюць удзел у незаконных узброеных фармаваньнях, пашыраўся кожным днём. Занепакоенасьць ягоным лёсам выказалі амэрыканскія кангрэсмэны, Дзяржсакратар ЗША Мадлен Олбрайт, прадстаўнікі вядучых праваабарончых арганізацыяў.

Адзін з найбольш вядомых расейскіх адвакатаў Рэзнік, які вядзе справу Бабіцкага, заявіў, што затрыманьне Бабіцкага можа пашкодзіць Пуціну як кандыдату ў прэзыдэнты яшчэ болей, чым няўдача ў чачэнскай аперацыі. Сапсаваныя адносіны з журналісцкім корпусам могуць дорага каштаваць любому палітыку.

Толькі што нам стала вядома, што Бабіцкі вызвалены – аднак зусім магчыма, што прычынаю былі намаганьні палітыкаў і журналістаў, а не зьмены ў стаўленьні да журналістаў з боку вайскоўцаў і тых, хто выпрацоўвае інфармацыйную палітыку Масквы.

XS
SM
MD
LG