Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 02 лютага 2000 г.


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Чаму Беларускія дзяўчаты так рана бяруць шлюб? Самі беларусы на гэтае пытаньне адказваюць па-рознаму. Пра тое, як сытуацыю з раньнімі шлюбамі ўбачыў заходні журналіст, супрацоўнік вядучага нямецкага агенства DPA Стэфан Вос, гаворыць Сяржук Сокалаў-Воюш.

Менск. Маладая нявеста дрыжыць і ня толькі ад хваляваньня. Ледзяны зімовы вятрыска наскрозь прадзімае плошчу Перамогі ў цэнтры беларускай сталіцы і працінае тонкую вясельную сукенку Дашы.

Пасьля афіцыйнай рэгістрацыі шлюбу яна і ейны муж ускладаюць кветкі да Вечнага Агню перад помнікам загіблым вайскоўцам савецкага Чырвонага Войска.

Нават узімку, – піша Стэфан Вос, – кожнае сыботы вясельныя пары стаяць у чарзе да помніка. Гэта – Беларускія традыцыі, паводле якіх загіблыя героі мусяць быць ушанаванымі, а дзяўчаты як мага раней – замужнімі.

І ўсё ж раньні шлюб Дашы ня надта каб знаходзіў ухвалу сярод ейных сябровак. "Ёй толькі 17, – кажа адна зь іх, – а гэта занадта рана, каб браць шлюб паводле закону. Але ў выпадку Дашы ўсё выглядае інакш. Ейны будучы муж дастаў афіцыйную даведку, што Даша цяжарная, а ў такой сытуацыі нават няпоўнагадовыя дзяўчаты маюць права на замужжа. На самой справе, Даша не цяжарная. Яна папросту ня хоча адкладаць шлюб на пазьней. Усяго некалькі тыдняў перад тым – скакрдзіцца ейная сяброўка – яна сустракалася зь іншым хлопцам – сваім школьным сябрам. Яна не кахае мужа, але муж мае грошы".

У гэтыя няпэўныя для Беларусі часы, – працягвае Стэфан Вос, – багаты мужчына разглядаецца як больш варты кандыдат у жаніхі, чым хто б там ні было іншы. У той самы час як бальшыня жанчынаў слаба вераць у сваю добрую будучыню. Калі ж абраны хлопец яшчэ й ня п'е, калі ён марыць пра добрую сям'ю, то гэта і наагул выйгрыш.

Паводле статыстыкі, бальшыня жанчынаў у Беларусі выходзяць замуж паміж 19 і 21 гадамі.

У коле Тацяны, – піша Стэфан Вос, – дзявочы вясельны сьверб паўстае яшчэ раней. "Я амаль ня маю незамужніх сябровак, – кажа Тацяна, – яны ўсе павыходзілі замуж". Яшчэ адна 17-гадовая сяброўка начапіла на шыю хамут перад Новым годам. Ейнаму мужу – 20.

Тацяна думае, што ейныя сяброўкі не задаюцца пытаньнямі кшталту дзе мы будзем жыць, альбо ці можам мы пракарміць сям'ю? З заканчэньнем школы надыходзіць пэрыяд чаканьня і мараў пра вясельны ўбор і шматлікія падарункі якія яны хацелі б мець у жыцьці. Яны думаюць, што іхныя жыцьці будуць падобнымі на жыцьці гэрояў мыльных тэлесэрыялаў, якія запаланілі Беларусь.

Досыць часта мужам беларускай дзяўчыны становіцца першы добры сябра, почасту ўсяго на год старэйшы, які ў ейным уяўленьні ператвараецца ў казачнага прынца. Справе хуткага замужжа спрыяюць і бацькі. Беларускія маці мараць зрабіцца бабулямі ва ўзросьце паміж 40 і 50 гадамі. Дзяўчына, якая ў 23 гады ня мае мужа лічыцца на вёсцы старой дзевай.

"У тваім узросьце я ўжо даўно была замужам," – сказала 21-гадовай Тацяне адна заклапочаная маці і Тацяна зразумела гэта як намёк на тое, што ёй ужо даўно час мець сям'ю.

У выніку колькасьць шлюбаў на Беларусі няўхільна расьце, што мусіла б задавальняць аўтарытарнага Аляксандара Лукашэнку, які хоча кіраваць вялікай краінай.

Але ягоная сыстэма, якая цьвёрда трымаецца камуністычнага стылю плянавай эканомікі, якая пакутуе на інфляцыю і бясконцыя крызысы не стымулюе моладзь мець дзяцей. Так у 1988 годзе ў Беларусі нарадзілася толькі палова ад той колькасьці немаўлятак, якая прыйшла на сьвет 10 гадамі раней. Беларуская нацыя скарачаецца, – падводзіць вынік Стэфан Вос і дадае, што пра раньні шлюб тут рана і шкадуюць, пагатоў што бальшыня такіх шлюбаў развальваецца на шмат раней, чым надыйдзе першы сямігадовы сужэнскі крызыс.

Ад сябе магу дадаць, што ёсьць у Беларусі і іншыя традыцыі. Усе мае сябры ў часе шлюбу несьлі кветкі не да помніка Перамогі, а да помніка Купалу ў Менску, ці Францішку Скарыну ў Полацку. Здавалася б, гэта нязначная дэталь, але за ёй хаваецца іншая жыцьцёвая філязофія, іншае паняцьце сям'і, іншая арыентацыя ў грамадзтве. Пакуль амаль ніводная з гэтых сем'яў не развалілася, але гэта ўжо тэма для іншай гаворкі.

XS
SM
MD
LG