Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 02 лютага 2000 г.


Сяргей Навумчык, Прага

Парляманцкі крызыс у Кіеве набірае ўсё большую вастрыню. Камэнтар Сяргея Навумчыка.

Калі каротка, фабула кіеўскага канфлікту наступная. Украінскую Вярхоўную Раду ўзначальваў прыхільнік левых поглядаў спадар Ткачэнка. Парламэнцкую большасьць, на цяперашні час, складаюць правыя, значная частка якіх падтрымлівае прэзыдэнта Кучму. Аднак большасьць была пазбаўленая магчымасьцяў правесьці якія-небудзь сур'ёзныя рашэньні, паколькі сьпікер Ткачэнка, праз працэдурныя маніпуляцыі, блякаваў іхную дзейнасьць. Пасьля гэтага большасьць дэпутатаў пакінула будынак Вярхоўнай Рады, сабралася ў Украінскім доме, абрала свайго сьпікера. Ім стаў Іван Плюшч, які ў 90-91 гадох ужо ўзначальваў парлямэнт. Абраныя і новыя старшыні парлямэнцкіх камітэтаў. Прэзыдэнт Кучма заявіў, што прызнае гэты склад дэпутатаў як правамоцны парлямэнт, паколькі яны складаюць канстытуцыйную большасьць.

Тым часам, дэпутаты фракцыі "прагрэсыўных сацыялістаў", якую ўзначальвае экс-кандыдат у прэзыдэнты Натальля Вятрэнка, а таксама некалькі дэпутатаў-камуністаў абвясьцілі галодоўку у сьценах Вярхоўнай Рады. Сёньня ахова не дапускала журналістаў у будынак і тлумачыла гэта тым, што ў будынку не праводзілася плянарнага паседжаньня. Толькі што стала вядома, што будынак Вярхоўнай Рады аточаны вайскоўцамі.

Гэта тая інфармацыя, якую мы маем на момант падрыхтоўкі перадачы.

На пасьлясавецкай прасторы гэта – другая парламенцкая галадоўка. Першая адбылася ў Менску ў красавіку 95 году. Нагадаю, што дэпутаты Апазыцыі БНФ выступалі супраць антыканстытуцыйнага вынясеньня на рэфэрэндум пытаньня аб зьмене дзяржаўнай сымболікі – бел-чырвона-белага сьцягу і Пагоні, ўвядзеньня дзвюхмоўя, інтэграцыі з Расеяй і права прэзыдэнта распускаць парлямэнт. Лукашэнка ужыў да дэпутатаў сілу, выкарыстоўваючы спэцпадразьдзяленьні КГБ, і гвалтоўна спыніў галадоўку. Пасьля таго, жорсткае зьбіцьцё недатыкальных асобаў, дэпутатаў, не сустрэла масавага грамадзкага супраціву, з грамадзтвам можна было рабіць усё, што заўгодна.

Сілавое рашэньне да дэпутатаў ужыў і Ельцын, у кастрычніку 1993 году.

У абодвух выпадках сіла не спрыяла палітычнай стабілізацыі.

Верагодна, спакуса сілавога вырашэньня канфлікту ёсьць і ў Кучмы. Прэзыдэнт Кучма ініцыюе рэфэрэндум аб рэарганізацыі парлямэнту (ён будзе ў два разы меншы паводле колькасьці дэпутатаў), і ў ягоных інтарэсах было б пакінуць камуністаў у спакоі. Не ісьці па шляху Ельцына і Лукашэнкі, не прадпрымаць ніякіх сілавых дзеяньняў, каб дыскрыдытаваць не сябе, а парлямэнцкую пракамуністычную меншасьць, і тым самым паспрыяць вынікам рэфэрэндуму на сваю карысьць.

Да таго ж, у адрозьненьні ад некаторых сваіх суседзяў, прэзыдэнт Украіны зацікаўлены ў меркаваньні, якое фармуецца аб ім на Захадзе. Бо ён вядзе свой народ у цывілізаваную Эўропу, а не ў цьмянае мінулае.

Які варыянт абярэ Кучма, магчыма, будзе вядома ўжо гэтай ноччу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG