Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 02 лютага 2000 г.


Віталь Цыганкоў, Менск

(эфір 1 лютага)
Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ ня будзе браць удзелу ані ў якіх выбарах, зарганізаваных беларускім рэжымам. Партыя БНФ на чале зь Зянонам Пазьняком заяўляе, што ня ўдзельнічае ў надпартыйных ворганах, створаных іншымі грамадзка-палітычнымі сіламі. Пра гэта лідэры партыі заявілі сёньня на прэсавай-канфэрэнцыі, прысьвечанай вынікам апошняга Сойму.

Як мы паведамлялі ўжо, Сойм Кансэрватыўна-Хрысьціянскае партыі БНФ прайшоў у мінулую суботу ў Варшаве, дзе зараз знаходзіцца ў палітычнай эміграцыі лідэр партыі Зянон Пазьняк.

Напэўна, адным з самых істотных дакумэнтаў, прынятых на Сойме, можна назваць палажэньне "аб дачыненьнях Кансэрватыўна-Хрысьціянскае партыі БНФ з палітычнымі, грамадзкімі арганізацыямі й структурамі ўлады". У ім сказана, што партыя БНФ ня ўдзельнічае ў надпартыйных ворганах, створаных іншымі грамадзка-палітычнымі сіламі.

"Кожная партыя павінна працаваць на сваёй дзялянцы, і рупіцца менавіта на ёй", – патлумачыў гэтую пазыцыю адказны сакратар Управы Фронту Анатоль Крыварот. У палажэньні таксама адзначаецца, што сябры партыі БНФ, у тым ліку тыя, якія зьяўляюцца сябрамі іншых палітычных арганізацыяў, выступаюць і дзейнічаюць у палітычных пытаньнях толькі ад імя сваёй партыі. Неабходнасьць такога рашэньня выконваючы абавязкі старшыні БНФ Юры Беленькі патлумачыў наступным чынам:

(Беленькі: ) "Мы проста мелі шэраг нерыемных момантаў, зьвязаных з тым, што ў нас ёсьць свая праграма, ёсьць свой статут, некаторыя сябры нашай партыі дзейнічалі ў структурах, у якіх ёсьць праграмныя палажэньні, якія супярэчылі неашым праграмным палажэньням. Я прывяду прыклады, якія вы ўсе ведаеце. У Малады Фронт уваходзілі людзі, якія вызначалі сябе як анархісты і вызначаліся такімі адпаведнымі паводзінамі".

Я папрасіў удакладніць, ці азначае гэта, што партыя БНФ пад кіраўніцтвам Зянона Пазьняка ня будзе надалей удзельнічаць у працы Каардынацыйнае Рады апазыцыйных сілаў. Аднак дакладнага адказу на гэта не было дадзена. Спадар Беленькі абрынуўся з крытыкаю на дзейнасьць гэтае Рады і, у прыватнасьці, на ход перамоўнага працэсу…

"Уся энэргія за паўгады была скіраваная на пустату. Аб'яднаная апазыцыя страціла ўпустую шэсьць месяцаў" – адзначыў Беленькі. У сувязі зь перамоўным працэсам намесьнік кіраўніка партыі Сяргей Папкоў патлумачыў, што Кансэрватыўна-Хрысьціянаская партыя БНФ сама не зьбіраецца ўдзельнічаць у ніякіх зарганізаваных рэжымам выбарах і заклікае іншыя дэмакратычныя сілы паступаць гэтаксама.

Як было адзначана на прэсавай-канфэрэнцыі, БНФ пад кіраўніцтвам Зянона Пазьняка налічвае 1500 сябраў, і паводле рашэньня Сойму прыём заяваў аб пацьверджаньні сяброўства будзе спынены зь 1 сакавіка. Як адзначыў спадар Крыварот, да свайго расколу адзіны Фронт налічваў 2400 зарэгістраваных сябраў.

Прыярытэтнай для Кансэрватыўна-Хрысьціянскае партыі БНФ стане акцыя "салідарнасьць і свабода" – збор подпісаў пратэсту супраць хаўруснае дамовы Беларусі й Расеі. На сёньняшні дзень іх сабрана ўжо звыш 8 тысячаў. Другі прыярытэт – сьвяткаваньне Дня Волі – 25 сакавіка – гадавіны ўтварэньня БНР.

Удзельнікі прэсавай канфэрэнцыі назвалі правакацыяй імкненьне многіх палітычных сілаў правесьці вялікую акцыю 15 сакавіка, у дзень канстытуцыі. Гаворыць адказны сакратар управы Анатоль Крыварот…

(Крыварот: ) "Акцыі заканчваюцца вывадам людзей і паходамі ў тупікі. Мы ўдзельнічаць у тым, каб весьці людзей у тупікі, ня будзем".

XS
SM
MD
LG