Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 02 лютага 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Былога міністра сельскае гаспадаркі Васіля Лявонава наведалі ў Аршанскай калёніі назіральнікі з групы АБСЭ. Мела спатканьне зь ім і ягоная дачка і адвакатка Сьвятлана Ўласава, якая распавяла пра свае ўражаньні нашаму карэспандэнту Алегу Грузьдзіловічу. У ягоным сёньняшнім паведамленьні таксама – апошнія зьвесткі пра былога старшыню акцыянэрнага таварыства "Расьвет" Васіля Старавойтава.

Назіральнікі місіі АБСЭ ў Беларусі не ўпершыню наведваюць у беларускіх турмах тых вязьняў, якіх усясьветная грамадзкасьць лічыць палітычнымі.

Але гэта – першы выпадак, калі прадстаўнікі місіі сустрэліся з асуджаным так хутка – усяго праз тыдзень пасьля таго, як яго прывезьлі ў Аршанскую калёнію ўзмоцненага рэжыму. Гэта, відавочна, сьведчыць пра асаблівую цікавасьць да лёсу Лявонава з боку заходнеэўрапейскіх краінаў.

У той жа дзень пасьля прадстаўнікоў місіі АБСЭ экс-міністра наведала ў калёніі ягоная дачка й адвакатка Сьвятлана Ўласава. Вось што яна распавяла:

(Уласава: ) "Нашая сустрэча з бацькам доўжылася 1 гадзіну ўсяго ў прысутнасьці аднаго з супрацоўнікаў калёніі. Ён ні на што не скардзіўся. Гэта тая калёнія, дзе знаходзіўся Старавойтаў. Ён знаходзіцца ў тым жа атрадзе, дзе знаходзіўся Старавойтаў".

(Карэспандэнт: ) "Гэта вам зрабілі такую прывілею, што дапусьцілі да бацькі?"

(Уласава: ) "Не, гэта не прывілея. Проста ў мяне шмат пытаньняў па прысуду, і мы будзем пісаць наглядную скаргу ў тым пляне, што прысуд заснаваны на пратаколах судовага паседжаньня Кіраўскага суда, шмат памылак, нацяжак…"

(Карэспандэнт: ) "А як ягонае здароўе? Напрыклад, эпідэмія грыпу пачынаецца?"

(Уласава: ) "Ён сказаў, што ім даюць яшчэ нейкія лекі, мусіць, вітаміны. Ведаеце, усе нашыя калёнія перагружаныя, і якое там здароўе… Якое здароўе можа быць у 62 гады?"

(Карэспандэнт: ) "Нейкую перадачу ад вас прынялі?"

(Уласава: ) "Мы дамовіліся аб перадачы. Пакуль бацьку ня трэба. Ён ня скардзіўся на побытавыя ўмовы. Бацька – вельмі вольнаалюбівы чалавек, яму трэба неба, паветра, а там гэта ёсьць. Хоць і маленькая, але ёсьць магчымасьць прайсьціся свабодна, не заклаўшы рукі за сьпіну".

Гэта была дачка Васіля Лявонава Сьвятлана Ўласава.

Як бачна, пакуль яна яшчэ ня можа адказаць на ўсе пытаньні адносна умоваў утрыманьня Васіля Лявонава, аднак ёсьць упэўненасьць, што такая інфармацыя ў поўным аб'ёме хутка зьявіцца. Як адвакатка, Сьвятлана мае магчымасьць наведваць калёнію.

Галоўная яе мэта цяпер – падрыхтаваць і накіраваць у пракуратуру скаргу на прысуд. Хаця Сьвятлана й прызналася, што не спадзяецца на посьпех гэтакае заявы… "Разумею, што ня дзеля таго судзьдзі выносілі прысуд майму бацьку, каб нехта яго адмяняў", – кажа яна.

Зьявіліся навіны й пра Васіля Старавойтава. У недалёкай будучыні яго чакаюць адразу некалькі мэдычных апэрацыяў. Справа у тым, што надоечы былы старшыня "Расьвету" зьезьдзіў у Летуву, дзе прайшоў мэдычнае абследаваньне ў лепшым дыягнастычным цэнтры Вільні. Дарогу і ўсе паслугі дактароў аплаціла місія АБСЭ.

Летувіцкія дактары выявілі ў Васіля Старавойтава шэраг хваробаў, якія патрабуюць тэрміновага лячэньня й нават хірургічнага ўмяшальніцтва. Цяпер паўстала пытаньне, дзе рабіць апэрацыю – у Менску ці за мяжою. Каб лячыцца за мяжою, у двойчы героя сацыялістычнае працы няма грошай. Магчыма, дапаможа місія АБСЭ.

Днямі Васіль Старавойтаў атрымаў нарэшце пэнсію за тыя тры месяцы, якія ён знаходзіцца на волі. Грошы на сёньняшні час невялікія, але і ім у доме былога старшыні вельмі радыя – апошнім часам Старавойтавы жылі выключна на дапамогу сяброў і аднавяскоўцаў. Узгадваючы гэта, Васіль Канстанцінавіч кожны раз перадае праз нашае радыё словы ўдзячнасьці ўсім, хто яму дапамагае – і замежным дыпляматам, і назіральнікам з АБСЭ, і простым грамадзянам Беларусі, якія на яго не забыліся.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG