Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 02 лютага 2000 г.


Алесь Мікалайчанка, Менская вобласьць

Сёньня да агульнанацыянальнага страйку прадпрымальнікаў далучыліся рынкавыя гандляры з Маладэчна й Салігорску.

Маладэчанскія гандляры рэчавых кірмашоў далучыліся да агульнанацыянальнага страйку прадпрымальнікаў толькі сёньня. Намесьнік старшыні мясцовай арганізацыі прафэсійнага саюзу "Садружнасьць" Алесь Чарняўскі патлумачыў гэта тым, што напярэдадні мясцовыя міліцыянты разам з падатковымі інспэктарамі правялі акцыю запалохваньня: пакаралі пад рознымі зачэпкамі 15 прадпрымальнікаў штрафамі памерам 50 "мінімалак" кожны.

Але, паводле спадара Чарняўскага, гэтая акцыя толькі крыху замарудзіла пачатак страйку. Сёньня 500 маладэчанскіх гандляроў спынілі працу. І страйкаваць маюць намер роўна месяц.

У кіраўніка Салігорскага незалежнага прафэсійнага саюзу прадпрымальнікаў Аляксандра Цацуры ўчора былі іншыя клопаты: там сутыкнуліся са штрэйкбрэхерамі. Давялося ствараць дзяжурную брыгаду й літаральна прымушаць несьвядомых гандляроў згортваць палаткі. Мясцовыя ўлады, праўда, у гэтыя канфлікты ня ўмешваліся.

Сёньня салігорскія гандляры (а іх тут таксама больш як пяцьсот) распачалі агульны страйк. Паводле інфармацыі спадара Цацуры, страйк будзе доўжыцца да таго часу, пакуль цэнтральныя і мясцовыя ўлады не задаволяць патрабаваньняў страйкоўцаў. У гэтым сьпісе, дарэчы, ёсьць і такія патрабаваньні: "Спыніць вымагальніцтвы з боку дзяржаўных чыноўнікаў пад час транспартаваньня тавараў з Расеі ў Беларусь" і "Спыніць вымагальніцтвы хабару з боку міліцыі, падатковых кантралёраў і адміністрацыі рынкаў, работнікаў выканкамаў".

У Барысаве сёньня мясцовае прадстаўніцтва Гэльсынскага Камітэту выступіла з заяваю, у якой асуджае дзеяньні гарадзкога пракурора Гамбалеўскага. Учора ўвечары гэты пракурор абвясьціў актывісту Барысаўскага Незалежнага прафэсійнага саюзу прадпрымальнікаў Ігару Крэпскаму папярэджаньне за тое, што той нібыта падбухторваў гандляроў да страйку. Дарэчы, у пракуратуру спадар Крэпскі быў дастаўлены міліцыянтамі.

Сёньня ж дырэктар барысаўскага рэчавага кірмашу Валянцін Янкоўскі заявіў лідэру Незалежнага прафэсійнага саюзу прадпрымальнікаў Ігару Ледніку, што кіраўнік гарадзкога выканаўчага камітэту Васіль Бургун няспынна тэлефануе яму ды патрабуе разьмясьціць на кірмашы палаткі штрэйкбрэхераў. Але Валянцін Янкоўскі гэта рабіць адмаўляецца , рызыкуючы сваім службовым крэслам.

Сёньня працягваўся страйк прадпрымальнікаў на рэчавых кірмашох Жодзіна й Слуцку.

XS
SM
MD
LG