Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 02 лютага 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Кіраўнікі Свабоднага прафэсійнага саюзу прадпрымальнікаў станоўча ацэньваюць вынікі двух першых дзён агульнанацыянальнага страйку, у якім удзельнічаюць амаль усе дробныя бізнэсмэны краіны. Лідэры страйкоўцаў кажуць, што бальшыня прадпрымальнікаў не зьбіраецца саступаць ціску ўладаў і будзе працягваць акцыю пратэсту.

Рэчавыя кірмашы Менску сёньня зноў не працавалі. Нешматлікія гандляры спажывецкімі таварамі зьявіліся толькі на "Камароўцы" і ў некалькіх спэцыялізаваных павілёнах аўтазапчастак на рынку "Ждановічы". Праўда, гэтыя людзі, паводле словаў кіраўнікоў Свабоднага прафэсійнага саюзу, удзельнічаць у страйку не зьбіраліся з самага пачатку. Асноўная ж маса сталічных гандляроў выходзіць на працу пакуль намеру ня мае.

Лідэры страйкоўцаў сьцьвярджаюць, што ўлады цяпер выкарыстоўваюць любую магчымасьць, каб дэзарыентаваць частку прадпрымальнікаў і змусіць іх спыніць акцыю пратэсту. На думку кіраўніка Свабоднага прафэсійнага саюзу сталічнага кірмашу "Дынама" Леаніда Каліцені, улады найперш хочуць спыніць страйк у Менску, дзе не працуе каля 8 тысячаў гандляроў. Калі гэта ім удасца, акцыя пратэсту можа спыніцца сама сабою.

Тым часам улады спрабуюць пераканаць грамадзтва, што ад страйку прадпрымальнікаў бюджэт краіны значных стратаў не пацерпіць. Старшыня Падаткавага камітэту Беларусі Мікалай Дзямчук, адстаўкі якога патрабуюць страйкоўцы, у артыкуле ў сёньняшнім нумары газэты "Звязда" сьцьвярджае, што доля паступленьняў у дзяржаўны бюджэт ад дробных бізнэсмэнаў складае ўсяго крыху больш за 1 адсотак. Самі прадпрымальнікі называюць зусім іншую лічбу – 20 адсоткаў.

Спадар Каліценя распавёў, што настроі сярод прадпрымальнікаў у правінцыі яшчэ больш радыкальныя, чым у сталіцы. Напрыклад, у Віцебску да страйку далучыліся гандляры харчовымі таварамі й уладальнікі камэрцыйных шапікаў.

Аднак у рэгіёнах вельмі ўважліва сочыць за тым, як паводзяць сябе менскія калегі. Таму лідэры страйкавага камітэту цяпер актыўна працуюць з тымі, хто яшчэ ня вырашыў – страйкаваць увесь месяц ці не. А тых, хто вагаецца, нямала.

Гаворыць намесьнік старшыні Свабоднага прафэсійнага саюзу рынку "Ждановічы" Ўладзімер Кожух:

"Людзі ўсё ж заплацілі падаткі, заплацілі за арэнду, а гэта – значныя сумы. Прадпрымальнікам трэба неяк утрымліваць сем'і – нават ва ўмовах, калі гандлю няма. Народ настолькі зьбяднеў, што на кірмашы не прыходзіць, каб сябе не раздражняць. Таму прадпрымальнікі, паглядзеўшы, што ўлады ня йдуць на кантакт, могуць пачаць працу. Але мы будзем ім тлумачыць неабходнасьць падтрымкі страйку", – паведаміў спадар Кожух.

На думку прафсаюзных актывістаў, некаторыя гандляры могуць спалохацца ўчарашняе пагрозы Аляксандра Лукашэнкі, які паабяцаў аддаць іхныя месцы аптавікам (хаця гэта і абсалютна не рэальна). Іншыя могуць паверыць словам лідэраў афіцыйнага прафэсійнага саюзу "Садружнасьць", якія абяцаюць вырашыць праблемы прадпрымальнікаў, калі тыя пачнуць працаваць.

Дарэчы адна з актывістак гэтага прафэсійнага саюзу Кацярына Навумовіч, выступаючы ўчора ў эфіры БТ, абвінаваціла лідэраў страйкоўцаў у палітычнай ангажаванасьці й выказала меркаваньне, што страйк у Менску скончыцца ўжо ў суботу. Аднак прадстаўнікі Свабоднага прафэсійнага саюзу прадпрымальнікаў спадзяюцца, што бальшыня гандляроў не паддасца на пагрозы і абяцаньні уладаў і працягне барацьбу за свае правы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG