Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 лютага 2000 г.


Кастусь Бандарук, Прага

Учора 14-ць краін-сябраў Эўразьвязу прыгразілі Аўстрыі замарожаньнем адносінаў зь ёю, адкліканьнем зь Вэны свавіх амбасадараў і абмежаваньнем кантактаў да чыста тэхнічных. Эўразьвяз пагражае Вэне ізаляцыяй, калі нацыяналістычная Партыя Свабоды Ёрга Гайдэра увойдзе у склад кіруючае кааліцыі.

Палітычная сытуацыя у Аўстрыі ўскладнілася пасьля парлямэнцкіх выбараў у кастрычніку мінулага году. Тады, першае месца занялі сацыял-дэмакраты цяперашняга канцлера Віктара Клімы, другое –нацыяналістычная Партыя Свабоды Ёрга Гайдэра, трэцяе права-цэнтрысцкай Народная Партыя і на чацьвертае месца выйшла Партыя Зялёных. На мінулым тыдні, сацыял-дэмакратам і Народнай Партыі не ўдалося сфармаваць кіруючую кааліцыю і стала ясна, што бяз удзелу нацыяналістаў ня будзе стабільнага ўраду. Аднак такая пэрспэктыва насьцярожыла шэраг краінаў сьвету. Ізраіль прыгразіў неадкладна разарваць дыпляматычныя зносіны зь Вэнай, а Эўаразьвяз вырашыў паставіць саюзьніку ультыматум.

"Мы накіравалі вельмі выразны сыгнал, што Эўразьвяз ня будзе талераваць ніякіх паводзінаў ксэнафобскага і расісцкага характару," – заявіў учора, выступаючы па тэлебачаньні прэм'ер Партугаліі Антоніё Гутэррэс. Прэзыдэнт Эўракамісіі Романо Продзі заявіў, што "заданьне камісіі ахоўваць эўрапейскія каштоўнасьці свабоды, дэмакратыі і правоў чалавека". Прадстаўнікі Эўракамісіі правялі сёньня у Вене экстранную нараду з лідэрамі Аўстрыі.

Прычына непрыйманьня лідэра Партыі Свабоды у тым, што Ёрг Гайдэр мае рэпутацыю расісцкага дэмагога. У мінулым ён шэраг разоў усхваляў парадкі, уведзеныя ў гады Трэцяга Рэйху, вельмі лагодна выказваўся аб злачынствах нацыстаў, выступаў супраць пашырэньня Эўразьвязу і наплыву таннай працоўнай сілы, асабліва з Усходняй Эўропы і краін былога Савецкага Саюзу. Гэтыя погляды, асабліва у пытаньнях эміграцыі, даволі папулярныя у аўстрыйскім грамадзтве і павялічылі шэрагі прыхільнікаў Гайдэра.

Аднак краіны Эўразьвязу палохае пеэрспэктыва, што правыя экстрэміты, якіх яны спрабуюць ізаляваць у сваіх краінах, умацуюцца ва ўрадзе Аўстрыі, што можа мець уплыў і на эўрапейскі урад.

Аднак, ні Партыя Свабоды Ёрга Гайдэра, ні Народная Партыя Вольфганга Шуссэля, відавочна, не напалохаліся пагрозаў з боку Эўразьвязу. Прамаўляючы ўчора неўзабаве пасьля апублікаванай ў Партугаліі заявы Эўразьвязу, Гайдэр спрабаваў прадставіць сябе як ахвяру зьнешняй прадузятасьці. Ён выказаў зьдзіўленьне тым, што замежныя краіны спрабуюць непасрэдна ўмешвацца ў палітыку Аўстрыі. Ён адзначыў, што адразу пасьля абвешчаньня пляну далучэньня ягонай партыі да кіруючай кааліцыі, замежныя ўрады спрабавалі заблякаваць гэтае рашэньне. Гайдэр лічыць, што ў многіх аўстрыйцаў гэта можа выклікаць расчараваньне іхнымі партнэрамі з Эўразьвязу. Лідэр Партыі Свабоды заявіў, што ў выпадку, калі ягонай партыі не дазволяць уступіць у права-цэнтрысцкую кааліцыю, дык у Аўстрыі трэба будзе забыцца пра дэмакратыю. На адрас прэзыдэнта Францыі, які найбольш гучна заклікаў прыняць рашучыя крокі у дачыненьні да Аўстрыі, Гайдэр сказаў, што Шырак "хварэе маніяй велічы і сам ня ведае што гаворыць". Калі Францыю падтрымала Бэльгія, лідэр Партыі Свабоды назваў гэтую краіну "карумпаванай", аднак пазьней выказаў шкадаваньне з прычыны сказанага ім раней і адзначыў, што "ня хоча канфлікту з гэтымі краінамі".

Са свайго боку, лідэр цэнтрысцкай Народнай Партыі і міністар замежных справаў Шусэль лічыць, што будучы у кіруючай кааліцыі з Партыяй Свабоды, ён мог бы ўплываць на зьмякчэньне ейнай пазыцыі. "Для мяне гэта нечаканае, што 14 краін Эўразьвязу прыймаюць такое рашэньне без кансультацыі з 15-м сябрам Зьвязу – Аўстрыяй" – заявіў Шюсэль. Ён адзначыў, што Аўстрыя не патрабуе, каб яе вучылі дэмакратыі".

Крытычна паставіўся да рашэньня Эўразьвязу і лідэр Партыі Зялёных Аляксандар Ван Дэр Бэлэн. "Гэта вельмі, вельмі дзіўна. Як аўстрыец, я адчуваю сябе дрэнна. Як лідэр Партыі Зялёных я магу толькі сказаць, што спрабую заблякаваць далучэньне Партыі Свабоды да кіруючай кааліцыі," – сказаў ён.

Перад нялёгкім рашэньнем стаіць цяпер прэзыдэнт Аўстрыі Томас Клесціл, які правёў сёньня сустрэчы з канцлерам Віктарам Клімам і лідэрам Народнай Партыі Шусэлем. Ён павінен або ўхваліць права-цэнтрысцкую кааліцыю, або абвесьціць новыя выбары, або паўторна даручыць сацыял-дэмакратам канцлера Клімы фармаваньне новага ураду.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG