Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 лютага 2000 г.


Ганна Навумовіч, Менск

(эфір 31 студзеня)
Міністар эканомікі Беларусі Ўладзімер Шымаў вярнуўся з Латвіі, дзе браў удзел у працы двухбаковае камісіі ў справе эканамічнага супрацоўніцтва.

Пад час візыту Ўладзімер Шымаў правёў перамовы з прэм'ерам Латвіі Андрысам Шкеле й міністрам эканомікі Макаравым. Было адзначана, што за мінулы год паміж Латвіяй і Беларусьсю значна падвысіўся гандлёвы абарот, пры гэтым адзначаны рост беларускага экспарту.

Гэта – выключны выпадак для вонкавага гандлю Беларусі: летась на ўсіх іншых кірунках вонкагандлёвага супрацоўніцтва зафіксаваны значны спад. Верагодна, рост у гандлі з Латвіяй зьвязаны з павелічэньнем транзыту. Летась беларускі экспарт у гэтую балтыйскую краіну склаў каля 260 мільёнаў даляраў.

Адной з галоўных тэмаў перамоваў стала супрацоўніцтва ў галіне транзыту тавараў праз латвійскія парты. Відавочна, беларуска-латвійскія перамовы падштурхнула тое, што беларускія ўлады на пачатку году абвесьцілі пра намер пашырыць транзыт празь Летуву.

Канкурэнцыя паміж Летувою і Латвіяй за транзытныя плыні з Усходу йснуе з таго часу, як краіны сталі незалежнымі. Дзякуючы гэтае канкурэнцыі Беларусь мае магчымасьць выбіраць найбольш прывабныя для сябе варыянты. Напрыклад, пад час візыту ў Вільню намесьніка міністра замежных справаў Беларусі Сяргея Мартынава ў амбасадзе Летувы мне пацьвердзілі, што летувіскі бок мае намер увесьці зьніжкі на транзыт беларускіх тавараў.

І вось праз тыдзень пасьля візыту Мартынава ў Вільню беларускі міністар эканомікі наведвае Рыгу. Ня выключана, што латвійскі бок мае намер таксама прапанаваць выгадныя ўмовы.

Варта дадаць, што на пачатку студзеня афіцыйны Менск заявіў пра тое, што будзе адмаўляцца ад транзыту праз украінскую тэрыторыю, паколькі Ўкраіна падвысіла тарыфы на чыгунку.

У Латвіі Ўладзімер Шымаў наведаў Вентсьпілскі порт і сустрэўся з мэрам Вентсьпілсу. Было заключанае пагадненьне пра гандлёвае супрацоўніцтва паміж Вентсьпілскім гандлёвым домам і аб'яднаньнем «Беларуськалій». Беларускі бок зьбіраецца працаваць і над іншымі праектамі ў Вентсьпілсе.

XS
SM
MD
LG