Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 лютага 2000 г.


Вінцэсь Мудроў

У Беларусі ідзе зімовы прызыў ва ўзброеныя сілы. У Наваполацку, напрыклад, позвы атрымалі ўжо 205 прызыўнікоў. Аднак некаторыя зь іх не прыйшлі ў ваенкамат і тым папоўнілі шэрагі так званых "ухілістаў"…

Усяго ж па вобласьці ў войска не пажадалі ісьці 370 чалавек і гэта ня гледзячы на тое, што да 70 адсоткаў сёлетніх прызыўнікоў мусяць служыць у гарнізонах тых гарадоў, адкуль яны прызываліся. Прызыўная кампанія сканчаецца 31 студзеня, і ў дадзены момант ваенкаматы сумесна зь міліцыяй шукаюць ухілістаў. Але знайсьці кагосьці праблематычна, бо бальшыня хлопцаў падалася ў Расею, ды іншыя сумежныя краіны. Зрэшты, ёсьць і такія, хто афіцыйна абвесьціў аб сваім нежаданьні служыць у войску. Так двое навапалачанаў заявілі, што зьяўляюцца сябрамі суполкі Сведкаў Іеговы, а таму ні пры якіх абставінах ня возьмуць у рукі зброю. У выніку імі цяпер займаецца пракуратура. Гэта ня першы падобны выпадак. Ранейшым часам у Наваполацку ўжо адбываліся суды над тымі, хто паводле рэлігійных перакананьняў адмаўляўся ад службы ў войску.

У якасьці рэзюмэ заўважым, што нават бальшавікі Саўнаркомаўскім дакрэтам ад 4 студзеня 1919 году вызвалілі сапраўных вернікаў-пацыфістаў ад ваеннай павіннасьці, замяніўшы яе санітарнай службай у заразных шпіталях.

У незалежнай Рэспубліцы Беларусі шматгадовыя размовы аб неабходнасьці альтэрнатыўнай ваеннай службы так і не далі плёну, а адпаведныя законапраекты, як выглядае, здадзеныя ў архіў.

XS
SM
MD
LG